Фото: irna.ir
Беларусь абвясціла: усе дазволы для запуску прамога авіязлучэння выдадзеныя, што дазваляе іранскім авіякампаніям адкрыць маршрут Тэгеран — Мінск, паведамляе іранскае інфармацыйнае агенцтва IRNA са спасылкай на вынікі сустрэчы пасла Беларусі з мясцовымі чыноўнікамі.
Сустрэча адбылася ў мінулы панядзелак у Тэгеране. На ёй прысутнічалі пасол Беларусі ў Іране Дзмітрый Кальцоў, прадстаўнікі «іранскага міністэрства», члены парламента і кіраўнікі турыстычнага бізнесу прыватнага сектара.
У паведамленні падкрэсліваецца, што «цяпер, пасля афіцыйнай выдачы дазволаў на прамыя рэйсы, асноўная лагістычная перашкода ліквідаваная».
Пасол Беларусі запрасіў іранскіх тураператараў узяць удзел у будучых турыстычных выставах у Мінску і падкрэсліў неабходнасць умацавання сувязяў паміж турыстычнымі агенцтвамі і галіновымі аб’яднаннямі.
Нагадаем, пра спробы запусціць прамы авіярэйс паміж Тэгеранам і Мінскам паведамлялася яшчэ ў 2022 годзе. Тады генеральны дырэктар авіякампаніі Mahan Air Хамід Арабнеджад выказаў жаданне арганізаваць палёты ў Беларусь.
У красавіку 2023 года першы самалёт Mahan Airlines прыбыў у Мінск — на яго борце былі, у тым ліку, іранскія чыноўнікі. Іранскі бок дамагаўся спрашчэння візавага рэжыму. Гэта стала неабходнай умовай для працягу прамога авіязлучэння паміж Беларуссю і Іранам.
У жніўні 2025 года міністр турызму Ірана Рэза Салехі Аміры паведаміў, што пагадненне аб адмене віз з Беларуссю было «канчаткова дасягнута» падчас перамоваў, якія адбыліся ў Мінску паміж прэзідэнтам Ірана Масудам Пезешкіянам і Аляксандрам Лукашэнкам. Салехі Аміры адзначыў, што бакі дамовіліся адкрыць прамыя авіярэйсы паміж Тэгеранам і Мінскам для павелічэння турыстычных паездак.
На дадзены момант грамадзяне Ірана са звычайнымі пашпартамі не могуць уехаць у Беларусь без візы. Выключэнне складаюць толькі тыя, хто мае дзейную шматразовую візу дзяржавы ЕС або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уездзе ў гэтую краіну, а таксама білет, які пацвярджае вылет з Беларусі праз міжнародны аэрапорт.