Міліцыя спыняла кіроўцу са стральбой ва Ушацкім раёне

Супрацоўнікі ДАІ ўжылі зброю ва Ушацкім раёне, каб спыніць кіроўцу, які не падпарадкаваўся іх патрабаванням.

Як паведамілі ў прэс-службе МУС, сігнал аб спыненні быў пададзены кіроўцу Skoda каля вёскі Заазер’е. Ён праігнараваў патрабаванне і працягнуў рух. Пачалася пагоня.

«На неаднаразовыя законныя патрабаванні міліцыянераў парушальнік не рэагаваў і спрабаваў уцячы. Сваімі дзеяннямі ён ствараў рэальную пагрозу бяспецы іншых удзельнікаў дарожнага руху, і інспектары прынялі рашэнне аб выкарыстанні табельнай зброі», — гаворыцца ў паведамленні.

За рулём быў 61-гадовы жыхар Лепельскага раёна. У яго былі прыкметы ап’янення. Мужчыну даставілі на агляд, які паказаў наяўнасць у выдыханым ім паветры алкаголю ў канцэнтрацыі 1,04 мг/л.

На мужчыну складзена 5 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, у тым ліку за непадпарадкаванне. Яго змясцілі ў ІЧУ, аўтамабіль адпраўлены на ахоўную стаянку.

Выява: МУС
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!