У Мінабароны расказалі пра выпадкі вызвалення ад ваенных збораў, якія праходзяць у межах праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці.
Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Юрый Ганціеўскі, тэрміны прыбыцця на папярэднія пункты збору мінімальныя — часам менш за суткі, а працягласць збораў можа дасягаць 60 сутак.
Паводле яго слоў, падставы для вызвалення ваеннаабавязаных ад збораў замацаваныя ў артыкуле 71 Закона Беларусі «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» і ў артыкуле 17 Закона «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі». Ён адзначыў, што на падставе арт. 71 ваенныя камісары могуць вызваляць ад збораў у асобных выпадках пры наяўнасці паважных прычын і пацвярджальных дакументаў.
“Напрыклад: непаўналетняе дзіця, катаючыся з горкі, зламала руку. Яго маці ў гэты час знаходзіцца ў камандзіроўцы. Бацька — ваеннаабавязаны — атрымлівае павестку для прыбыцця на ваенныя зборы. Прадставіўшы ўсе пацвярджальныя дакументы, ваеннымі камісарамі было прынята рашэнне вызваліць гэтага ваеннаабавязанага ад праходжання ваенных збораў», — расказаў ён.
