Скриншот видео
Прэс-сакратар Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны Андрэй Кавалёў назваў заявы пра атаку дрона на пасажырскі аўтобус «Мінск — Анапа» «ілжывымі і сфабрыкаванымі», піша «Украінская праўда». У Генеральным штабе лічаць, што такім чынам расійскі бок спрабуе адцягнуць увагу міжнароднай супольнасці ад удару па Кіеве, у выніку якога, паводле ўкраінскіх звестак, загінулі больш за 20 чалавек.
«Чарговая інфармацыйная атака Расійскай Федэрацыі адносна нібыта ўдару ўкраінскага БПЛА па пасажырскім аўтобусе „Мінск — Анапа“ ў раёне мытнага пераходу „Красны Камень“ Бранскай вобласці з’яўляецца свядомай і цынічнай правакацыяй Расійскай Федэрацыі, накіраванай выключна на тое, каб прыкрыць свой сённяшні злачынны тэрарыстычны ўдар па сталіцы Украіны», — заявіў вайсковец.
«Генеральны штаб УСУ афіцыйна заяўляе, што Сілы абароны Украіны не наносілі ніякіх удараў па пазначаным грамадзянскім транспарце, а ўсе абвінавачанні з боку краіны-агрэсара з’яўляюцца абсалютна ілжывымі і сфабрыкаванымі», — сказаў ён.
Кавалёў заявіў, што УСУ наносяць удары выключна па законных ваенных цэлях і не вядуць баявых дзеянняў супраць грамадзянскага насельніцтва. Ён заклікаў міжнародную супольнасць асудзіць абвінавачанні з боку Расіі і даць прававую і палітычную ацэнку ўдару па Кіеве.
Нагадаем, днём 2 ліпеня беларускі турыстычны аўтобус «Мінск — Анапа» трапіў пад удар дрона ў Злынкаўскім раёне Бранскай вобласці Расіі. У салоне знаходзіліся 19 пасажыраў. Усіх грамадзян Беларусі даставілі ў Гомельскую вобласць, шэсць расіян засталіся ў пункце часовага размяшчэння ў Бранскай вобласці. Беларускі Мінздароўя паведамляў пра трох пацярпелых — двух кіроўцаў і аднаго пасажыра, якіх адпусцілі дадому пасля аказання медыцынскай дапамогі.
Следчы камітэт РФ заявіў, што ўдар быў здзейснены ўкраінскімі войскамі, і ўзбудзіў крымінальную справу аб тэракце. Цэнтр супрацьдзеяння дэзінфармацыі СНБА Украіны назваў заявы пра ўдар украінскага дрона па беларускім аўтобусе ў Бранскай вобласці правакацыяй расійскай прапаганды.