Фото: unsplash.com
Цэнтр супрацьдзеяння дэзінфармацыі СНБА Украіны назваў заявы пра ўдар украінскага дрона па беларускім аўтобусе ў Бранскай вобласці правакацыяй расійскай прапаганды.
«Расіяне не прыводзяць ніякіх доказаў, якія пацвярджаюць іх інфармацыю, і нават не публікуюць фатаграфіі з месца здарэння. Характэрна, што гэтыя паведамленні расіяне распаўсюджваюць праз два тыдні пасля масавага распаўсюджвання фэйка пра нібыта атаку ўкраінскага беспілотніка на беларускі аўтобус з дзіцячай футбольнай камандай у той жа Бранскай вобласці. Гэтыя паведамленні былі цалкам абвергнутыя дадзенымі Генеральнага штаба УСУ і Службы бяспекі Украіны», — заяўляюць у цэнтры.
Паводле слоў аўтараў, беларускае грамадства не падтрымлівае дапамогу Расіі ў агрэсіі супраць Украіны.
«Распаўсюджванне прапагандыстамі фэйкавых навін пра нібыта ўкраінскія атакі на грамадзянскія аўтобусы з Беларусі — гэта свядомая правакацыя з боку расіян, якія вельмі хочуць уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны. Беларускае грамадства не падтрымлівае дапамогу Расіі ў агрэсіі супраць Украіны. Не выключана, што расіяне самі ажыццяўляюць падобныя правакацыі, паколькі яны найбольш зацікаўленыя ў выкарыстанні тэрыторыі Беларусі для вайны супраць Украіны», — гаворыцца ў заяве.
Нагадаем, днём 2 ліпеня беларускі турыстычны аўтобус «Мінск — Анапа» трапіў пад удар дрона ў Злынкаўскім раёне Бранскай вобласці Расіі. У салоне знаходзіліся 19 пасажыраў. Пацярпелі тры чалавекі — два кіроўцы і пасажыр. Усіх грамадзян Беларусі даставілі ў Гомельскую вобласць, шэсць расіян засталіся ў пункце часовага размяшчэння ў Бранскай вобласці.
Следчы камітэт РФ заявіў, што ўдар быў здзейснены ўкраінскімі войскамі, і ўзбудзіў крымінальную справу аб тэракце.