Пастаянныя прадстаўнікі пры Еўрасавеце краін ЕС у пятніцу не прыйшлі да згоды па 20-м пакеце санкцый супраць Расіі. Пра гэта паведамляе The Guardian. Пакет хочуць прыняць да гадавіны пачатку ўварвання Расіі ва Украіну — 24 лютага. У панядзелак у Бруселі адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў краін саюза.
Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас не губляе надзеі ўзгадніць абмежаванні на гэтай сустрэчы.
«У наступны панядзелак мы плануем прыняць 20-ты пакет санкцый супраць Расіі», — сказала яна на сустрэчы міністраў еўрапяцёркі ў Кракаве.
Крыніцы Reuters мяркуюць, што паслы краін ЕС могуць сабрацца для ўзгаднення пакета яшчэ раз на выходных.
Найбольшыя спрэчкі выклікаюць забароны на марскія паслугі для перавозкі расійскай нафты.
Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заяўляў, што пакет утрымлівае і некаторыя меры ў дачыненні да Беларусі.
