Пракуратура Брэсцкай вобласці знайшла парушэнні ў рабоце структур ДТСААФ. Праверка паказала, што дзейнасць аб’яднання «не ў поўнай меры адпавядае пастаўленым мэтам і задачам», паведамляе прэс-служба пракуратуры Брэсцкай вобласці.
Падчас праверкі было ўстаноўлена, што спісы членаў тэрытарыяльных структур былі неактуальнымі. Не было звестак пра праведзеныя мерапрыемствы ў справаздачныя перыяды. Таксама ДТСААФ не праводзіла належнай работы па стварэнні і падтрымцы дзейнасці першасных арганізацый.
«Напрыклад, у рэгіёнах, асабліва ва ўстановах адукацыі, па-за супрацоўніцтвам з ДТСААФ створаны і функцыянуюць шматлікія спартыўныя секцыі для дзяцей і моладзі па ваенна-прыкладных відах спорту, у тым ліку кулявой стральбе, авіямадэляванні. У асобных выпадках у спартыўных секцыях займаліся толькі дарослыя, непаўналетнія не прыцягваліся да заняткаў. Складзеная сітуацыя не ў поўнай меры адпавядае прынцыпам дзейнасці аб’яднання», — заяўляе пракуратура.
Таксама выяўлены выпадкі, калі дзяцей у секцыі прымалі без медыцынскіх даведак і заяў бацькоў.
Пракуратура ўнесла прадстаўленне старшыні Брэсцкай абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ.
