У Даніі выдадзены першы пашпарт замежніка грамадзянцы Беларусі без статусу бежанца. Пра гэта паведамляюць “Народныя пасольствы Беларусі” са спасылкай на асацыяцыю «Талака – Сябры Беларусі ў Даніі».
“У нас выдатныя навіны: пасля двух гадоў настойлівай і інтэнсіўнай працы ў Даніі грамадзянцы Беларусі выдадзены першы пашпарт замежніка! Гэтая падзея азначае важную вяху як для беларускай супольнасці Даніі, так і для беларусаў, якія па палітычных прычынах не могуць звярнуцца да ўладаў Беларусі.
Выдача дакумента з’яўляецца вынікам маштабнай сумеснай працы групы актывістаў з Талакі. Важную ролю адыгралі Святлана Ціханоўская і яе офіс, а таксама ўвага ўладаў Даніі і дзяржаўных устаноў”, – гаворыцца ў паведамленні.
Асацыяцыя падзякавала кіраўніку МЗС Даніі, парламенцкаму амбудсмену, прадстаўнікам палітычных партый, СМІ, дацкім экспертам.
“Для беларусаў Даніі гэта рашэнне мае не толькі практычнае, але і сімвалічнае значэнне. Пашпарт замежніка дае магчымасць легальна выязджаць і ўладкоўваць штодзённыя ўмовы без рызыкі звяртацца да беларускіх уладаў. У той жа час гэта пацвярджэнне таго, што Данія сапраўды падтрымлівае людзей, якія адстойваюць дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека”, – адзначылі ў асацыяцыі.
