Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што будзе ўскосна ўцягнуты ў перамовы з Іранам, якія павінны адбыцца сёння ў Жэневе.
«Я буду ўдзельнічаць у гэтых перамовах, няхай і ўскосна. І яны будуць вельмі важныя», — сказаў ён.
Адказваючы на пытанне пра перспектывы здзелкі з Іранам, Трамп сказаў, што Тэгеран хоча заключыць здзелку, каб пазбегнуць бамбардзіровак.
“Яны хочуць заключыць здзелку. Я не думаю, што яны хочуць сутыкнуцца з наступствамі адмовы ад здзелкі”, — падкрэсліў прэзідэнт.
“Спадзяюся, яны будуць больш разважлівымі”, — дадаў ён.
Axios адзначае, што будучыя перамовы “могуць стаць вырашальным момантам, які пакажа, ці рухаюцца дзве краіны да новага ядзернага пагаднення або вайны”.
На перамовах у Жэневе амерыканскі бок узначаліць спецпасланнік Стыў Уіткаф, іранскі бок прадставіць кіраўнік МЗС Ірана Абас Аракчы.
Тым часам ЗША працягваюць нарошчваць ваенную прысутнасць на Блізкім Усходзе. У рэгіён накіраваны другі авіяносец і караблі, што яго суправаджаюць. Таксама стала вядома пра перакідку яшчэ 18 знішчальнікаў F-35 у дадатак да 12 самалётаў, якія прыбылі на месца раней.
Іран таксама праводзіць сілавыя дэманстрацыі. Так, у панядзелак КСІР пачаў вучэнні ў Армузскім праліве, які з’яўляецца важным шляхам паставак нафты з рэгіёна Персідскага заліва.
