Вайсковы суд Любліна не прызнаў вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў польскага вайскоўца Караля С. па справе аб стральбе на мяжы з Беларуссю.
Пракуратура настойвала на тым, што салдат перавысіў паўнамоцтвы 25 сакавіка 2024 года, калі ў раёне Дубічаў-Царкеўных зрабіў 12 стрэлаў уздоўж памежнай дарогі ў бок групы людзей, якая складалася з мігрантаў, што незаконна перасеклі мяжу, і супрацоўнікаў Памежнай аховы, а таксама іншых салдат польскай арміі.
Як паведамляе TVP, суддзя Радаслаў Хунэк не пагадзіўся з довадамі пракуратуры, якая настойвала на тым, што падчас нясення службы на мяжы Караль С. страціў статус салдата, знаходзячыся ў падпарадкаванні памежнай службы. На думку суддзі, у дадзеным выпадку абвінавачаны заставаўся вайскоўцам. Акрамя таго, суддзя ўзяў пад увагу версію абароны, згодна з якой салдат быў высокакваліфікаваным стралком. Паводле яго слоў, «калі б ён хацеў кагосьці забіць, ён бы гэта зрабіў», і ніхто з памежнікаў у гэтым раёне ў той час не адчуваў пагрозы.