У Мінску затрымалі стваральніка праекта «Кінаконг» Андрэя Кіма. Як паведамляе тэлеграм-канал “Свяшчэнны Белавуд”, гэта адбылося ў сярэдзіне тыдня. Культурнага менеджара затрымалі разам з жонкай Надзеяй. Прычыны невядомыя.
«Кінаконг» — беларускі кінапраект і дыстрыб’ютар са слоганам «Кіно па-беларуску», заснаваны Кімам 5 верасня 2012 года. Ініцыятыва займалася прафесійным перакладам і агучваннем фільмаў, мультфільмаў, трэйлераў і відэаролікаў на беларускую мову, а таксама арганізоўвала кінапаказы ў розных гарадах краіны.
Праект стаў адной з найбольш вядомых ініцыятыў па папулярызацыі беларускамоўнага дубляжу і зрабіў сусветнае кіно даступным для гледачоў на беларускай мове. Сярод поўнаметражных анімацыйных стужак, агучаных камандай, — «Галаваломка», «Галаваломка 2», «Душа» і «Лука». Паказы рэгулярна збіралі поўныя залы і прыцягвалі дзясяткі тысяч гледачоў па ўсёй Беларусі.
