Паола Замполі, спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па глабальных партнёрствах, ухваліў удзел Расіі ў Паралімпійскіх гульнях у наступным месяцы, што выклікала незадаволенасць у еўрапейскіх сталіцах, піша The New York Times.
Навіна пра тое, што расійская каманда прыме ўдзел у Паралімпійскіх гульнях у наступным месяцы, была сустрэта з незадаволенасцю па ўсёй Еўропе, адзначае выданне. Але Замполі падтрымаў удзел Расіі, заявіўшы ў тэкставым паведамленні: «Я думаю, што спорт — для ўсіх».
Нагадаем, Міжнародны паралімпійскі камітэт дазволіў спартсменам з Беларусі і Расіі ўдзельнічаць у Паралімпіядзе пад дзяржаўнымі сцягамі.
Паралімпійскія гульні пройдуць у Мілане і Картына-д’Ампеццо з 6 па 15 сакавіка 2026 года. Цырымонія адкрыцця адбудзецца на арэне старажытнага амфітэатра ў Вероне.
Гэтае рашэнне асудзіў МЗС Украіны. Еўракамісар па пытаннях міжпакаленчай справядлівасці, культуры, моладзі і спорту Глен Мікалеф заклікаў байкатаваць цырымонію адкрыцця. Байкатаваць цырымонію адкрыцця Паралімпіяды маюць намер Украіна, Польшча і Чэхія.
