МЗС Украіны назваў няправільным і ганебным рашэнне дапусціць беларускіх і расійскіх спартсменаў да Паралімпійскіх гульняў пад дзяржаўнымі сцягамі сваіх краін.
«Дазвол падымаць сцягі дзяржаў-агрэсараў на Паралімпійскіх гульнях, пакуль працягваецца вайна Расіі супраць Украіны, з’яўляецца няправільным — як з маральнага, так і з палітычнага пункту гледжання.
Рашэнне дапусціць Расію і Беларусь пад нацыянальнымі сімваламі ігнаруе простую ісціну: гэтыя сцягі і гімны прадстаўляюць рэжымы, якія вядуць агрэсію, разбураюць гарады і выкарыстоўваюць спорт як зброю для прапаганды. Іх нельга аддзяліць ад злачынстваў, здзейсненых пад іх сцягам», — заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
У ўкраінскім МЗС адзначылі, што ў Расіі нават паралімпійскі спорт выкарыстоўваецца для праслаўлення ўдзельнікаў вайны супраць Украіны.
«Прадастаўленне такой сістэме прэстыжнай міжнароднай платформы пасылае небяспечны сігнал, што адказнасць можна адсунуць на другі план», — падкрэсліў Сібіга.
Сібіга заявіў, што даручыў паслам правесці перамовы з службовымі асобамі краін знаходжання і заклікаць іх не ўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцця, «калі гэта ганебнае рашэнне не будзе адменена».
Нагадаем, Міжнародны Паралімпійскі камітэт дазволіў спартсменам з Беларусі і Расіі ўдзельнічаць у зімовых Алімпійскіх гульнях пад сцягамі сваіх дзяржаў. Ад Беларусі дазволены ўдзел чатырох спартсменаў.
