Скінулі з цягніка – літоўскія памежнікі перахапілі чарговую партыю беларускіх цыгарэт

Супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ) спынілі спробу кантрабанды тытунёвых вырабаў у Вілкавішкскім раёне. Памежнікі затрымалі двух мясцовых жыхароў і канфіскавалі партыю з 25 тысяч пачак беларускіх цыгарэт, якую, паводле папярэдніх звестак, скінулі на хаду з грузавога цягніка.

Аперацыя была праведзена ў мінулы чацвер сіламі крымінальнай разведкі Пагегяйскага памежнага атрада і спецпадраздзялення Kovas. Падчас праверкі аператыўнай інфармацыі пра незаконную выгрузку тавараў з цягніка, які рухаўся па маршруце Кібартай-Кяна, на чыгуначных шляхах было выяўлена паўсотні заводскіх кардонных каробак.

На месцы былі затрыманы двое мужчын ва ўзросце 34 і 45 гадоў. Падчас агляду прылеглай тэрыторыі, у двары найбліжэйшай сядзібы, памежнікі таксама выявілі мікрааўтобус Volkswagen Crafter з літоўскімі нумарамі. Мяркуецца, што транспартны сродак прызначаўся для перавозкі нелегальнага грузу.

Усяго канфіскавана 25 тысяч пачак цыгарэт маркі NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт партыі з улікам усіх падаткаў перавышае 110 тысяч еўра.

Па факце незаконнага распараджэння акцызнымі таварамі ў Пагегяйскім памежным атрадзе распачата дасудовае расследаванне пад кіраўніцтвам Каўнаскай акруговай пракуратуры. За здзяйсненне дадзенага злачынства закон прадугледжвае пакаранне да 8 гадоў пазбаўлення волі. Пасля допыту падазраваных адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, паведамілі ў прэс-службе САДМ.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!