Вальфовіч пра ўдар па аўтобусе: Гэта была чыстая выпадковасць

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч лічыць, што ўдар па беларускім аўтобусе ў Бранскай вобласці Расіі быў «чыстай выпадковасцю».

«Беларускі аўтобус не быў выбраны спецыяльна ў якасці, скажам так, мэты для паражэння. Гэта аўтобус, які выпадкова рухаўся па тэрыторыі Бранскай вобласці, і дрон выпадкова ўпаў на дарогу паміж дзвюма трасамі», — заявіў Вальфовіч.

Вальфовіч заклікаў беларусаў не ездзіць у прыгранічныя вобласці Расіі, паведамляе БелТА.

«Мы ж папярэджвалі, прэзідэнт неаднаразова выступаў і казаў: паважаныя беларусы, устрымайцеся ад паездак сёння ў Расію, асабліва ў прыгранічныя вобласці. Там кожны дзень падаюць беспілотнікі, адбываюцца такія нядобрыя выпадкі. Мы не закрывалі межы, гэта рашэнне кожнага — ехаць ці не ехаць.

Гэта не аўтобус арганізаванай экскурсіі, гэта не нейкая школа, не спартыўнае таварыства, не ад якога-небудзь міністэрства, ведамства. Гэта абсалютна прыватныя паездкі розных грамадзян нашай Беларусі, якія вырашылі паехаць у Анапу на Чорнае мора. Думка добрая, выдатная, але, рухаючыся туды, яны, несумненна, падвяргаюць сябе вялікай небяспецы», — сказаў Вольфовіч.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі лічыць, што беларусам небяспечна ездзіць у Расію да завяршэння вайны, і заклікаў адпачываць на радзіме.

«Паважаныя суайчыннікі, устрымайцеся сёння ад паездак. Вы падвяргаеце небяспецы і сябе, і сваіх блізкіх, тых, хто едзе разам з вамі. Гарантаваць бяспеку ў такіх паездках вам ніхто не зможа, пакуль не спыніцца спецыяльная ваенная аперацыя. Трэба думаць сваёй галавой, прымаць правільнае рашэнне», — заклікаў Вальфовіч.

Нагадаем, удзень 2 ліпеня беларускі турыстычны аўтобус «Мінск – Анапа» трапіў пад удар дрона ў Злынкаўскім раёне Бранскай вобласці Расіі. У салоне знаходзіліся 19 пасажыраў. Усіх грамадзян Беларусі даставілі ў Гомельскую вобласць, шэсць расіян засталіся ў пункце часовага размяшчэння ў Бранскай вобласці. Пацярпелі тры чалавекі — два вадзіцелі і пасажыр. Вадзіцелі знаходзяцца ў цяжкім стане.

Следчы камітэт РФ заявіў, што ўдар быў нанесены ўкраінскімі войскамі, і ўзбудзіў крымінальную справу аб тэракце.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!