Інсталяцыя Анастасіі Рыдлеўскай атрымала Прыз глядацкіх сімпатый на фестывалі SURVIVAL ва Уроцлаве

Мультыдысцыплінарная мастачка Анастасія Рыдлеўская стала лаўрэаткай Прыза глядацкіх сімпатый (Nagroda Publiczności) на 24-м Мастацкім аглядзе SURVIVAL ва Уроцлаве. Яе праект «Дэзінтэграцыя» прызнаны найлепшым паводле вынікаў пяцідзённага галасавання наведвальнікаў, у якім прынялі ўдзел 1565 чалавек.

Перамога прынесла аўтарцы фінансавую ўзнагароду ў памеры 5 000 злотых і магчымасць рэалізаваць персанальную выставу ў прэстыжнай галерэі Mieszkanie Geppertów, якую курыруе фонд Art Transparent.

Праект Рыдлеўскай прадстаўлены ў межах суправаджальнай выставы «Клініка агульных уяўленняў» (куратары — Магдалена Басак і Міхал Бенек). Адметнасцю фестываля мастацтва стала сама лакацыя: экспазіцыя разгарнулася ў прасторы былой закінутай гарадской клінікі, што надало працам дадатковага канцэптуальнага вымярэння.

Фота: Tobiasz Papuczys, survival.art.pl.

Эміграцыя як рэдукцыя асобы

Нагадаем, што інсталяцыя «Дэзінтэграцыя» Анастасіі Рыдлеўскай — гэта складаны арт-аб’ект, які спалучае тэкстыль і гук. Са столі бальнічнай прасторы звісаюць каскады тэкстыльных галоў, пашытых з натуральных тканін і фрагментаў адзення. Частка гэтых рэчаў была прывезена мастачкай з Беларусі, частка — набыта ўжо пасля пераезду ў Польшчу. Паводле задумы, візуальны шэраг нагадвае чалавечую постаць, якая страціла цэласнасць і існуе ў выглядзе разрозненых фрагментаў.

Назва працы наўпрост адсылае да тэорыі пазітыўнай дэзінтэграцыі польскага псіхолага Казімежа Дамброўскага. Згодна з ёй, востры ўнутраны крызіс, страта стабільнасці і распад ранейшага вобраза сябе — гэта не паталогія або параза, а неабходны і заканамерны этап развіцця чалавека. Асоба мусіць распасціся на кавалкі, каб на наступным этапе рэканструяваць сваю ідэнтычнасць у больш шматвымерную і аўтэнтычную форму.

Важным складнікам праекта з’яўляецца аўдыёгід, дзе гучыць напісаны і рэцытаваны мастачкай верш. Праз шаптаны тэкст Рыдлеўская рэфлексуе над досведам фрагментацыі, з якім чалавек непазбежна сутыкаецца ў вымушанай эміграцыі.

Фота: Tobiasz Papuczys, survival.art.pl.

Аўтарка звяртае ўвагу на досвед фрагментацыі існасці, які часта суправаджае асоб у эміграцыі. Замест таго каб быць успрынятай як складаная і поўная асоба, Рыдлеўская застаецца «мігранткай» – накшталт таго, як чалавек з псіхіятрычным дыягназам бывае зрэдукаваны да хваробы, на якую пакутуе. Пра першым знаёмстве «карэнныя» жыхары засяроджваюцца не на тым, кім з’яўляецца мастачка, а на разрозненых элементах – на тым, адкуль яна паходзіць, як гучыць яе акцэнт, чаму яна прыбыла ў Польшчу ці які мае афіцыйны статус.

У выніку «Дэзінтэграцыя» маніфестуе не фінал распаду, а працяглы і цяжкі працэс унутраных перамоў чалавека паміж рознымі мовамі, краінамі і чужымі стэрэатыпамі.

Працяг экспазіцыі

Галоўны прыз глядацкіх сімпатый сёлета быў уфундаваны Медыцынскім універсітэтам імя Пястаў Сілезскіх ва Уроцлаве. На подыуме плебісцыту таксама апынуліся працы Анны Ундэровіч («Супольнае біццё сэрца») і Юстыны Касіньскай («Мембраны»).

Для тых, хто не паспеў наведаць фестываль падчас асноўных дзён, арганізатары паведамляюць добрую навіну: пераможная інсталяцыя «Дэзінтэграцыя» Анастасіі Рыдлеўскай застанецца ў межах выставы «Klinika wspólnych wyobrażeń» ва Уроцлаве яшчэ на цэлы год.

Нагадаем, што праграма сталася часткай маштабнага агляду мастацтва SURVIVAL, які 26–30 чэрвеня праходзіў ва Уроцлаве. У фестывалі таксама браў удзел беларускі мастак Сяргей Шабохін, які прадставіў татальную інсталяцыю «Практыкі падпарадкавання: Класны пакой» (2026), створаную адмыслова да арт-падзеі. Працу можна было ўбачыць у межах асноўнай выставы пад назвай «Палец у сэрцы».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!