Анна Папай. Фото: Politzek.me
На платформе BYSOL абвешчаны збор сродкаў для Ганны Папай, якая ў Беларусі была асуджаная за данаты ў фонды салідарнасці на 2,5 года.
Ганне 46 гадоў, у яе трое дзяцей. Да арышту яна працавала ў банкаўскай сферы і жыла ў Мінску. Яна прайшла праз СІЗА і папраўчую калонію №4 у Гомелі. У снежні 2025 года Ганна апынулася ў групе палітзняволеных, якіх пасля візіту амерыканскай дэлегацыі ў Мінск дэпартавалі праз Украіну ў Польшчу.
Праект Politzek.me падрыхтаваў пра яе матэрыял, у якім расказаў пра яе жыццё пасля вызвалення.
Цяпер Ганна жыве ў Варшаве і працуе ў пякарні, дзе выпякае круасаны, а таксама робіць тарты на заказ. Выпечка была яе захапленнем яшчэ да арышту. У калоніі, куды палітзняволенай не паступалі грашовыя пераводы, яна рабіла дэсерты з падручных прадуктаў, аднак на атрыманыя грошы рабіць гэта было праблематычна. Першы заробак за 20 дзён працы на швейнай фабрыцы склаў каля 4 рублёў.
Пасля вызвалення Ганна пачынае жыццё нанова, дзеці засталіся ў Беларусі, яна чакае сустрэчы з імі.
«Людзі часта пытаюцца: „Як ты без дзяцей? Сумуеш?“. Я не разумею, навошта задаваць такія пытанні. Мне неверагодна цяжка быць тут без іх. Сэрца літаральна крывёю абліваецца. Калі праходжу міма школы ці дзіцячага садка, кожны раз думаю пра тое, што мае сыны таксама маглі б хадзіць у гэтую школу, кожны дзень вяртацца дадому. Але я пазбаўленая гэтага. Яны растуць без мяне. Гэта самае страшнае — разлука з дзецьмі. Таму не пытайцеся ў маці ў эміграцыі, як ім без дзяцей. Ім настолькі цяжка, што вам не трэба гэтага ведаць», — кажа яна.
Паводле яе слоў, у пякарні ўпершыню за доўгі час яна адчувае сябе на сваім месцы. У планах Ганны — стаць партнёрам у бізнесе, дзе яна працуе, а ў перспектыве адкрыць уласную пякарню ў Польшчы або ў Беларусі.
Заяўленая сума збору — 3 тысячы еўра. 1200 з іх плануецца патраціць на арэнду жылля на 2 месяцы, 950 еўра — на інвентар і тэхніку для вырабу тартоў і дэсертаў, 550 — на інгрэдыенты і расходныя матэрыялы, а 300 — на рэзерв і развіццё прыватных заказаў.
Падтрымаць былую палітзняволеную можна па спасылцы.