Александр Вольфович. Фото: Евгений Лопушко, «Ваяр»
Вадзіцелі аўтобуса, якія пацярпелі ў выніку ўдару дрона ў Бранскай вобласці, знаходзяцца ў цяжкім стане, заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч.
«Беспілотнік разарваўся перад аўтобусам, і асколкамі былі параненыя 2 вадзіцелі. Яны знаходзяцца ў бальніцы ў цяжкім стане. Будзем спадзявацца, што ўрачы зробяць усё магчымае, каб выратаваць жыцці нашых грамадзян, нашых вадзіцеляў», — цытуе Вальфовіча news.by.
Вальфовіч дадаў, што астатнія грамадзяне ў аўтобусе не пацярпелі.
Міністэрства аховы здароўя паведамляла пра трох пацярпелых — двух вадзіцеляў і пасажыра. Яны шпіталізаваныя ў Гомельскую абласную бальніцу.
Нагадаем, удзень 2 ліпеня беларускі турыстычны аўтобус «Мінск – Анапа» трапіў пад удар дрона ў Злынкаўскім раёне Бранскай вобласці Расіі. У салоне знаходзіліся 19 пасажыраў. Усіх грамадзян Беларусі даставілі ў Гомельскую вобласць, шэсць расіян засталіся ў пункце часовага размяшчэння ў Бранскай вобласці.
Следчы камітэт РФ заявіў, што ўдар быў нанесены ўкраінскімі войскамі, і ўзбудзіў крымінальную справу аб тэракце.