Дзяржаўная падтрымка для БНБК, пра якую сёння прасілі ў Аляксандра Лукашэнкі, патрэбна не для выжывання прадпрыемства, а для мадэрнізацыі. Пра гэта пасля нарады распавёў віцэ-прэм’ер Юрый Шулейка, які таксама ўзначальвае назіральны савет карпарацыі.
“Дзяржаве ў некалькі заходаў даводзілася аздараўляць гэта прадпрыемства. Але эканамічныя моманты, якія былі на БНБК, урэгуляваны. Дзяржаўная падтрымка і прынятыя ўрадам рашэнні дазволілі правільна ўкласці крэдытныя грошы, каб прадпрыемства магло існаваць і выконваць свае абавязацельствы. Вытворчая праграма выбудоўваецца так, каб адназначна пагашаць абавязацельствы, якія ёсць на прадпрыемстве”, – сказаў Шулейка, перадае БелТА.
Трэба адзначыць, што гэта некалькі разыходзіцца з ацэнкай працы БНБК самім Лукашэнкам. Сёння ён заявіў, што “на поўную загрузку магутнасцей біяхімічнай і камбікормавай вытворчасцей так і не выйшлі, мэтавыя паказчыкі вытворчай праграмы не дасягнуты, захоўваецца востры дэфіцыт абаротных сродкаў”.
Паводле версіі ж Шулейкі, грошы сёння прасілі на мадэрнізацыю.
“Гэта будзе накіравана на мадэрнізацыю, удасканаленне, пашырэнне наменклатуры на ўжо існуючай базе прадпрыемства”, – сказаў ён.
Віцэ-прэм’ер лічыць, што вялікая верагоднасць выдзялення сродкаў.
Нюансы сітуацыі ў карпарацыі раскрыў старшыня прэзідыума Акадэміі навук Уладзімір Каранік. Паводле яго слоў, беларускаму боку перадалі “вытворчую тэхналогію для таго, каб запусціць усе тэхналагічныя працэсы і атрымаць канчатковую прадукцыю”. А цяпер хочуць асвоіць тэхналогіі на ўзроўні распрацоўшчыка, каб знізіць сабекошт. У прыватнасці, гаворка ідзе пра культуру бактэрыі, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці лізіну.
“Тут ужо неабходна навукова-метадычнае суправаджэнне, накіраванае на павышэнне ўстойлівасці карынебактэрыі, яе прадуктыўнасці, на стварэнне безадходных цыклаў, калі пабочны прадукт аднаго з тэхналагічных працэсаў, які мае мінімальную астаткавую каштоўнасць, становіцца сыравінай для наступнага тэхналагічнага працэсу, ператвараючыся ў тавар, які лёгка рэалізаваць з добрай маржынальнасцю”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, прадуктыўнасць бактэрыі ўжо змаглі павялічыць, але цяпер важна забяспечыць яе ўстойлівасць і эканамічную эфектыўнасць.
“Каб кожны раз тыя кампаненты, якія трэба дадаваць у пажыўны раствор, па сваёй вартасці не нівеліравалі ўвесь выйгрыш у прыросце (аб’ёмаў вытворчанага бактэрыямі лізіну. – заўв.). То бок задача зрабіць так, каб гэты працэс быў стабільным, менш затратным, але высокапрадуктыўным. А гэта ўжо не проста тэхналагічная, а навуковая задача. Я спадзяюся (мы абмяркоўвалі гэта з Мікалаем Генадзьевічам Снапковым), што ўзаемадзеянне з кітайскімі партнёрамі і наш досвед дазволяць гэтую задачу вырашаць больш эфектыўна, чым дагэтуль”, – патлумачыў Каранік.
Нагадаем, што БНБК афіцыйна запусцілі восенню 2022 года. А ўжо праз год Лукашэнка збіраў нараду з-за праблем прадпрыемства, у якога былі цяжкасці са збытам.
Тады было вырашана, што працу карпарацыі будзе кантраляваць прадстаўнік дзяржавы, якім стаў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў. Таксама быў павялічаны устаўны фонд БНБК.
У 2024 годзе ўрад выдаваў гарантыі па крэдытах карпарацыі, адбылася змена генеральнага дырэктара. У сакавіку гэтага года Савет міністраў прыняў пастанову аб падтрымцы БНБК, змест якой быў практычна цалкам схаваны пад грыфам «для службовага карыстання». З апублікаванай часткі можна было зрабіць выснову, што гаворка ідзе пра новыя крэдыты для карпарацыі.
Сёння Мікалай Снапкоў распавёў, што па выніках нарады вырашана стварыць працоўную групу, якая будзе вызначаць шляхі далейшага развіцця БНБК. Адказваючы на пытанне аб акупнасці новага праекта, Снапкоў не даў дакладнага адказу. Паводле яго слоў, гэта можа адбыцца праз 13-15 гадоў.
