Павел Латушка, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і дэлегат Каардынацыйнай рады, правёў сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва Савета Еўропы ў Варшаве Ежы Баурскім і паслом Германіі ў Варшаве Мігелем Бергерам, паведамляе АПК.
Латушка праінфармаваў Баурскага аб працы дэлегацыі КС у Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, а таксама аб дакументах, прынятых ПАСЕ па ініцыятыве беларускай дэлегацыі, і папраўках, унесеных у гэтыя дакументы па прапанове дэлегатаў КР.
Абмяркоўваліся перспектывы пашырэння супрацоўніцтва як з прадстаўніцтвам Савета Еўропы ў Варшаве, так і з Саветам Еўропы ў цэлым. Гаворка ішла аб арганізацыі сустрэч, накіраваных на больш цеснае ўзаемадзеянне па пытанні прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за здзяйсненне акта агрэсіі супраць Украіны — у сувязі з тым, што Савет Еўропы выступіў ініцыятарам стварэння Спецыяльнага трыбунала па адказнасці за агрэсію супраць Украіны.
Прадстаўнік Савета Еўропы паведаміў, што ў найбліжэйшы час плануецца прыняцце чарговага плана дзеянняў па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, які прадугледжвае рэалізацыю пятнаццаці праектаў.
На сустрэчы з паслом Германіі Павел Латушка прадставіў інфармацыю аб сітуацыі ў Беларусі і працяглых рэпрэсіях, а таксама аб дапамозе, якую АПК і праваабарончыя арганізацыі аказваюць вызваленым палітвязням у Польшчы.
Латушка распавёў пра крызісную эканамічную сітуацыю ў Беларусі і падкрэсліў, што яна выклікана рэпрэсіўнай унутранай і агрэсіўнай знешняй палітыкай рэжыму Лукашэнкі. Намеснік кіраўніка АПК заявіў, што рэжыму Лукашэнкі трэба даваць выразныя сігналы аб неабходнасці змяніць палітыку, у тым ліку ўзмацняючы санкцыі ў дачыненні да рэжыму.
Асобны акцэнт быў зроблены на неабходнасці пачаць дыялог прадстаўнікоў дзейнай улады з беларускім грамадствам праз круглы стол. Гэта магло б адкрыць магчымасці для выхаду з глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі і захавання незалежнасці дзяржавы.
