У беларускім МЗС разлічваюць на пашырэнне кантактаў з ЕС па дыпламатычнай лініі. Пра гэта ў эфіры беларускага тэлебачання заявіў намеснік міністра замежных спраў Ігар Сакрэта, каментуючы ўчорашнюю размову Аляксандра Лукашэнкі і Эманюэля Макрона.
Сакрэта не паведаміў дадатковых падрабязнасцяў самой размовы.
“Я думаю, што такія размовы не адбываюцца проста так. Безумоўна, гэта рост цікавасці да ролі і месца Беларусі ў Еўропе, гэта патрэба ў дыялогу, якая праяўляецца вось такім чынам. Сапраўды, учора адбылася дастаткова працяглая размова лідараў нашых краін, абмеркавалі пытанні рэгіянальнага парадку дня, рэгіянальнай бяспекі, а таксама ўзаемадзеянне Рэспублікі Беларусь з Еўрапейскім саюзам і з Францыяй, у прыватнасці”, – сказаў ён.
Разам з тым ён чакае, што кантактаў стане больш.
“Галоўная, напэўна, пазітыўная рэч гэтай размовы складаецца ў тым, што цікавасць павялічваецца да кантактаў нармальных, абсалютна цывілізаваных, да гэтай камунікацыі, якая адсутнічала вось ужо некалькі гадоў. Я ўпэўнены ў тым, што такіх кантактаў будзе больш і па дыпламатычнай лініі, і па міждзяржаўнай лініі, безумоўна, па лініі іншых ведамстваў.
Я думаю, што нас чакаюць дастаткова цікавыя дыскусіі. Ёсць што абмеркаваць, мы да гэтага гатовыя, гэта галоўнае. У нас дастаткова вялікі спектр пытанняў, якія былі пастаўленыя на паўзу або на якія нашы партнёры пакуль не адказвалі. Мы за дыялог”, – дадаў ён.
На думку намесніка міністра, дыялог Мінска і Вашынгтона падштурхоўвае і еўрапейскіх партнёраў.
“Я думаю, што сёння кантакты з Вашынгтонам, яны ў пэўнай ступені задаюць тон, спрыяюць абуджэнню калег у Еўропе, скажам так. Таму што з Вашынгтонам весці дыялог прасцей, на мой погляд, чым з Еўропай, таму што ў Еўропе гэта 27 удзельнікаў. У любы момант асаблівай думкай або пазіцыяй асобнай дзяржавы можна перакрэсліць любыя дамоўленасці.
З Вашынгтонам мы ведаем, з кім маем справу, там адзіны цэнтр прыняцця рашэння. І ў гэтым дачыненні тыя рашэнні, якія прымаюцца паміж Мінскам і Вашынгтонам, яны рэалізуюцца, і яны набываюць такія абрысы, няхай гэта будзе ў выглядзе зняцця санкцый або вырашэння пытанняў па пастаўках той ці іншай прадукцыі.
Кантакты гэтыя не спыняюцца, праца вядзецца і ў закрытым рэжыме, у тым ліку абмяркоўваецца дастаткова шырокі спектр пытанняў, у тым ліку рэгіянальнай бяспекі, пра якую ўчора гаварылі лідары Беларусі і Францыі”, – сказаў ён.