Запланаваны ўдзел лідара дэмакратычных сіл Беларусі Святланы Ціханоўскай у сайд-івэнце на палях сесіі ПА АБСЕ ў Вене выклікаў нервовую рэакцыю прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.
19–20 лютага ў Вене праходзіць 25-е зімовае пасяджэнне Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, у якім удзел прымаюць прадстаўнікі дэмакратычных сіл у выгнанні і дэлегацыя з Мінска. Святлана Ціханоўская выступіць на сайд-івэнце «Беларусь і ПА АБСЕ: Круглы стол аб шляху да дэмакратыі і гуманітарных прыярытэтах», які арганізавалі дэлегацыі Швецыі і Нарвегіі сумесна з Офісам Ціханоўскай.
Гэты факт не застаўся незаўважаным рэжымам Лукашэнкі. Кіраўнік лукашэнкаўскай дэлегацыі, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў, выступаючы на пасяджэнні Агульнага камітэта па палітычных пытаннях і бяспецы, абрынуўся з крытыкай на арганізацыю.
“У апошні час, на жаль, АБСЕ не зрабіла і не робіць нічога для бяспечнай і бесканфліктнай сітуацыі ў Еўропе. Сёння неабходна працаваць над вырашэннем уласных праблемных пытанняў, перш за ўсё ў эканоміцы і бяспецы, каб забяспечыць стабільнасць, дастойны ўзровень жыцця людзей і эканамічную канкурэнтаздольнасць рэгіёна…
…Мы звяртаем увагу таксама на недапушчальнасць выкарыстання пляцоўкі ПА АБСЕ экстрэмісцкімі элементамі, якія пераследуюцца ў Беларусі паводле закона”, – заявіў ён.
Паводле слоў Сяргея Рачкова, рэжым у Мінску “паслядоўна выступае за вяртанне да мандатнай логікі арганізацыі, да аднаўлення паўнавартаснага прафесійнага абмеркавання ваенна-палітычных рызык, мер даверу, прадухілення інцыдэнтаў і кантролю над узбраеннямі. Неабходна выпрацоўка новай архітэктуры еўразійскай бяспекі”.
“Менавіта гэтай мэце служыць вылучаная беларускім бокам ініцыятыва па фарміраванні Еўразійскай Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі. Гаворка ідзе пра стварэнне інклюзіўнай канцэптуальнай асновы бяспекі, якая не супярэчыць Статуту ААН і арыентавана на выпрацоўку ўзгодненых прынцыпаў мірнага суіснавання ў Еўразіі”, – нагадаў Рачкоў.
Прэс-служба Палаты прадстаўнікоў Нацсходу паведаміла, што Рачкоў змог сустрэцца з Генеральным сакратаром ПА АБСЕ, парламентарыямі Манголіі, Кіпра, Азербайджана і Таджыкістана.
На палях мерапрыемства таксама прайшла сустрэча з сустаршынём беларуска-аўстрыйскага дзелавога савета Хубертам Берчам, падчас якой абмеркаваны пытанні падтрымкі парламентарыямі развіцця двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін у сучасных умовах.
