Пенсіянера з Валожына абвінавачваюць у працы на ўкраінскую разведку

Следчы камітэт абвясціў аб завяршэнні расследавання крымінальных спраў аб здрадзе дзяржаве.

Як вынікае з паведамлення СК, фігурантам адной са спраў з’яўляецца 68-гадовы жыхар Валожынскага раёна. Паводле версіі следства, пенсіянер у ліпені 2022 года быў завербаваны галоўным упраўленнем разведкі Міністэрства абароны Украіны.

“За грошы стаў збіраць інфармацыю пра мясцовых супрацоўнікаў міліцыі: асабістыя дадзеныя, нумары тэлефонаў — усё, што магло быць выкарыстана для ціску і правакацый. А ў далейшым — для ўцягвання праваахоўнікаў у антыдзяржаўную дзейнасць у інтарэсах замежных спецслужбаў”, — гаворыцца ў паведамленні СК.

Акрамя таго, мужчыну інкрымініравалі каментарыі, якія распальваюць “нацыянальную варожасць і варожасць у дачыненні да асоб рускай нацыянальнасці”.

Абвінавачанні мужчыну прад’яўлены паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) і ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або рознасці) Крымінальнага кодэкса. Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!