СК завяршыў расследаванне справы аб дзяржаўнай здрадзе. У ёй фігуруюць BELPOL і агенцтва, дзе працаваў Котаў

Следчы камітэт апублікаваў прэс-рэліз пра расследаванне дзвюх крымінальных спраў па артыкуле аб здрадзе дзяржаве. У адной з іх фігуруе пенсіянер з Валожына, якога абвінавачваюць у працы на ўкраінскую разведку. У сувязі з іншай справай згадваецца BELPOL, а таксама польскае агенцтва, у якім працаваў зніклы ў 2025 годзе Анатоль Котаў.

Як вынікае з паведамлення СК, адным з фігурантаў справы з’яўляецца 42-гадовы мінчанін. Паводле версіі следства, восенню 2023 года ён “уступіў у перамовы з замежнай дэструктыўнай арганізацыяй, якая дзейнічала ў інтарэсах экстрэмісцкага аб’яднання пад назвай BELPOL, з мэтай збору звестак пра папраўчую калонію №1 горада Наваполацка”.

Мужчына атрымаў банкаўскую картку, інструкцыі па праверцы яе працаздольнасці. Ён залічыў на яе грошы, схаваў у тайніку, пра месцазнаходжанне якога паведаміў “замежным куратарам”. Грошы прызначаліся трэцяй асобе, якая павінна была “высветліць умовы ўтрымання асуджаных і ўсталяваць з імі канал сувязі, а таксама здабыць персанальныя даныя супрацоўнікаў”. У далейшым гэтыя матэрыялы выкарыстоўваліся для “стварэння сацыяльна-палітычнага напружання і агрэсіі ў грамадстве”, “дыскрэдытацыі праваахоўных органаў праз фарміраванне фэйкавых навін пра жорсткае абыходжанне з асуджанымі, якія адбываюць пакаранне, а таксама атрымання персанальных дадзеных супрацоўнікаў для ціску, вярбоўкі і пераследу іх блізкіх”.

У паведамленні СК таксама гаворыцца, што 42-гадовы абвінавачаны разам з яшчэ адным 36-гадовым фігурантам “перадаваў атрыманы прыбытак ад падкантрольнай ім прыватнай фірмы за мяжу экстрэмісцкім фарміраванням Terra Group Event і SSL Production, задачай якіх з’яўлялася дэстабілізацыя абстаноўкі ў краіне”. У лістападзе 2025 года КДБ прызнаў “удзельнікаў кааліцыі ініцыятыў Terra Group Event і SSL Production” “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

“Акрамя таго, адзін з іх, будучы дырэктарам і сузаснавальнікам прыватнай сталічнай фірмы, прыняў аднаасобнае рашэнне аб выплаце самому сабе дывідэндаў без узгаднення з іншымі ўласнікамі прадпрыемства. У выніку ён выкраў прыбытак арганізацыі ў суме больш за 240 тыс. рублёў”, – гаворыцца ў паведамленні СК. Пры гэтым не ўдакладняецца, каму з двух фігурантаў прад’яўлена дадзенае абвінавачанне.

Абвінавачанні прад’яўлены па трох артыкулах КК:

  • ч. 1 арт. 356 (“Здрада дзяржаве”),
  • ч. 2 арт. 361-2 (“Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове”),
  • ч. 4 арт. 210 (“Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены ў асабліва буйным памеры”).

Абодва абвінавачаныя ўтрымліваюцца пад вартай.

Трэба адзначыць, што зніклы ў жніўні мінулага года падчас паездкі ў Турцыю Анатоль Котаў працаваў у польскім івэнт-агенцтве Terra Group Event. У базе “экстрэмісцкіх фарміраванняў”, якую вядзе МУС, у сувязі з “фарміраваннем” Terra Group Event і SSL Production згадваліся імёны Віталя Крыўко (10.07.1986 г.н.) і Андрэя Ярашэвіча (25.11.1983 г.н.)

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!