Кубракоў запатрабаваў разабрацца з аўтарамі допісаў пра міліцыю ў сацыяльных сетках

Міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў на пасяджэнні калегіі абласнога УУС у Магілёве запатрабаваў разабрацца з допісамі пра міліцыянераў у сацыяльных сетках.

“Мною пастаўлена задача ўсе такія матэрыялы адпрацоўваць, па пацверджаных фактах даваць прынцыповую ацэнку дзеянням ахоўнікаў правапарадку, аж да прыцягнення да адказнасці. Аднак часцей за ўсё інфармацыя не знаходзіць пацвярджэння — і такія ўкіды ў Сеціве не павінны заставацца без нашай рэакцыі”, — сказаў ён, перадае прэс-служба МУС.

Паводле слоў міністра, нядаўна з’явіўся допіс пра міліцыю Ваўкавыска. Ён аказаўся ілжывым.

“Прыклад — нядаўняя хлусня пра міліцыю Ваўкавыска. Яе падхапілі і іншыя карыстальнікі, а некаторыя прыводзілі і свае гісторыі, якія яшчэ варта праверыць, пра ўзаемадзеянне з праваахоўнікамі. Такім чынам гэтыя людзі паспрабавалі скампраметаваць міліцыю.

Ужо ўстаноўлены грамадзянін, які распаўсюдзіў абразы ў дачыненні да ваўкавыскай міліцыі. Хлус, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку, у тым ліку за здзяйсненне цяжкіх злачынстваў, пражывае ў Польшчы. Дарэмна ён разлічвае, што там недасягальны, — пракуратурай ужо ўзбуджаецца крымінальная справа. Меры рэагавання будуць прынятыя і да тых, хто падхапіў ілжывую інфармацыю”, — дадаў міністр.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!