Лукашэнка прызначыў двух міністраў, двух паслоў і чыноўнікаў мясцовай вертыкалі

Аляксандр Лукашэнка сёння правёў кадравы дзень. У выніку былі прызначаныя двое міністраў, паслы і чыноўнікі мясцовай вертыкалі.

Міністрам архітэктуры і будаўніцтва стаў Вадзім Альшэўскі. Да гэтага ён працаваў на пасадзе намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама, курыруючы пытанні будаўніцтва, транспарту і ЖКГ. Папярэдні міністр Аляксандр Студнеў прапрацаваў на пасадзе крыху больш за год. Яго прызначылі ў сакавіку 2025 года.

Міністрам лясной гаспадаркі прызначаны Сяргей Ульдзічовіч, які да гэтага ўзначальваў Мінскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне.

Намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Худаалееў накіраваны паслом у Таджыкістан.

Пасол Беларусі ў Зімбабвэ Юрый Мікалайчык таксама будзе прадстаўляць Беларусь у Мазамбіку.

Сяргей Медзвецкас узгоднены на пасаду першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Да гэтага ён працаваў на пасадзе старшыні Астравецкага райвыканкама.

Генеральны дырэктар Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі» Аляксандр Максімчук становіцца намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама, дзе будзе адказваць за пытанні будаўніцтва, транспарту і ЖКГ.

Астравецкі раён узначаліць Руслан Жукоўскі, які раней быў першым намеснікам старшыні Смаргонскага райвыканкама.

Віталь Шулейка ўзгоднены на пасаду старшыні Слонімскага райвыканкама. Да гэтага ён быў першым намеснікам старшыні Дзятлаўскага райвыканкама.

Ігар Аверка зменіць пасаду першага намесніка на пасаду старшыні Шчучынскага райвыканкама.

Уладзіслаў Гершгорын узначаліць адміністрацыю Ленінскага раёна горада Гродна, куды яго перавядуць з пасады кіраўніка Ашмянскага раёна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!