Расійская нафта па “Дружбе” дайшла да Славакіі

Славакія сёння раніцай пачала атрымліваць нафту па трубаправодзе “Дружба”. Пра гэта заявіла міністр энергетыкі Дэніса Сакава.

«У цяперашні час прыём нафты ажыццяўляецца ў адпаведнасці з узгодненым планам», — сказала Сакава, перадае Dennik N.

Нагадаем, нафтаправод у напрамку Венгрыі і Славакіі не працаваў са студзеня гэтага года пасля расійскай атакі на яго інфраструктуру, размешчаную на ўкраінскай тэрыторыі. Пазаўчора прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што рамонт трубаправода завершаны. Учора “Укртранснафта” паведаміла венгерскім і славацкім атрымальнікам пра гатоўнасць аднавіць пракачку і пачала прымаць нафту з тэрыторыі Беларусі. Сёння раніцай сыравіна пачала паступаць славацкім спажыўцам.

На гэтым фоне Венгрыя і Славакія спынілі блакіроўку 20-га пакета санкцый ЕС супраць Расіі і еўрасаюзнага крэдыту для Украіны ў памеры 90 млрд еўра. Учора былі распачаты пісьмовыя працэдуры па афіцыйным зацвярджэнні дадзеных рашэнняў ЕС, якія павінны завяршыцца сёння перад чарговым нефармальным самітам лідараў Еўрасаюза, які пройдзе на Кіпры.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!