Беларуская мытня перахапіла партыю гашышу, якую спрабавалі правезці праз мяжу з Польшчай.
Як паведамілі ў ДМК, 260 кг гашышу выяўлена ў грузавіку польскага перавозчыка. Ён перасёк мяжу ў пункце пропуску “Бераставіца”, а затым быў накіраваны для мытнага дагляду ў ведамасны пункт мытнага афармлення «Брузгі-ТЛЦ».
Тут у зборным грузе, які перавозіўся ў фуры, былі выяўлены 100 брыкетаў з рэчывам карычневага колеру. Экспертыза пацвердзіла, што гэта гашыш.
У паведамленні ДМК адзначаецца, што атрымальнікам зборнага грузу была беларуская асоба. Аднак атрымальнік не ведаў, што зламыснікі схавалі гашыш у законна ўвезеных таварах.
За перахопам гашышу ў Беларусі рушылі сумесныя аператыўныя дзеянні з расійскімі сілавікамі. У выніку быў устаноўлены і затрыманы рэальны атрымальнік кантрабанды — 41-гадовы грамадзянін РФ.
“Гродзенскай рэгіянальнай мытняй і Цэнтральнай аператыўнай мытняй ФМС Расіі ўзбуджаны крымінальныя справы. Удзельнікам злачыннай групы пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 20 гадоў”, — гаворыцца ў паведамленні ДМК.







