Польскія вайскоўцы зноў зафіксавалі залёт метэазондаў з Беларусі ў Польшчу. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Аператыўнага камандавання відаў Узброеных сіл.
“Сёння ноччу вайсковыя радыёлакацыйныя сістэмы зафіксавалі новыя аб’екты, падобныя да паветраных шароў, якія ўваходзяць у польскую паветраную прастору з боку Беларусі. Аб’екты бесперапынна ідэнтыфікаваліся і заставаліся пад пастаянным назіраннем вайсковых разведвальных сістэм. Сітуацыя была пад кантролем і не ўяўляла пагрозы для бяспекі паветранага руху або для польскіх грамадзян. Назіраныя інцыдэнты не адрозніваліся ад нядаўніх падзей, пра якія паведамлялася паблізу польска-беларускай мяжы”, — гаворыцца ў паведамленні.
Учора вайскоўцы і памежнікі таксама паведамлялі пра залёт метэазондаў, якія, імаверна, перавозілі цыгарэтную кантрабанду.
Нядаўна польская Памежная ахова паведаміла пра правядзенне рэйду супраць кантрабандыстаў, у выніку якога былі затрыманы восем чалавек, па чатыры грамадзяніны Літвы і Польшчы. Усяго з пачатку года было здзейснена 16 такіх затрыманняў.
