Лукашэнка прагаварыўся пра чарговы візіт амерыканцаў і ўключэнне ў перамовы Снапкова

Расказваючы пра беларускія булачкі для бургераў у былым рэстаране “Макдональдс”, Аляксандр Лукашэнка прагаварыўся пра будучы візіт амерыканскай дэлегацыі ў Мінск. Сёння ён наведваў адзін з рэстаранаў сеткі Мак.бай.

Ён традыцыйна пусціўся ў разважанні пра тое, што ў Беларусі могуць вырабіць самі ўсё. Сваю прамову ён адрасаваў супрацоўніцам рэстарана. Побач стаяў і першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў.

“Ну, у нас, ведаеш, ой, божа мой, не можам. Ох, “Макдональдс” сышоў. Дык, кажу, радуйцеся, што ён сышоў. Людзі ў нас застаюцца. Булачкі мы выпякаць умеем. Ну, гэта яна тут: “Ах, абсталяванне”. Ды свае булачкі… Трэба беларусаў, прывучаць беларусаў да сваіх булачак. “Ой, там, ды мы не можам катлету”. Усё мне цэлы год пра катлеты. Я кажу: “Добра, я прыеду, вам прыгатую катлету, як я ўмею. Людзі будуць есці па-беларуску”. Праз тыдзень катлету знайшоў. Па булачках таксама. “Ох, булачкі, булачкі”. Я кажу: “Слухайце, краіна, выпякаюць столькі хлеба, булачак, марожанага і іншага. Як гэта не можам?” Праз два месяцы булачку выпякаюць… Ды, у іх так туды-сюды, сваё трэба”, — пусціўся ў дэмагогію Лукашэнка.

А затым раптам загаварыў пра візіт амерыканскай дэлегацыі ў Мінск і звярнуўся да Снапкова.

“Ну а цяпер няхай амерыканцы прыйдуць і паглядзяць. Вось яны прыедуць да мяне, абавязкова іх прывезці сюды. Скажы, пойдзем у “Макдональдс” і прачытай: “МАК.бай. Беларускае”. Беларусы працуюць, беларускае абсталяванне, беларускі прадукт. Ешце”, — заявіў Лукашэнка.

Цікава, што Мікалай Снапкоў раней не ўдзельнічаў у перамовах з амерыканскім бокам. Яго профіль — адносіны з Кітаем і кітайскія праекты ў Беларусі, у тым ліку будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбіната ў Любані, пад якое быў атрыманы кітайскі крэдыт.

18 снежня 2025 года, выступаючы на УНС, Лукашэнка прапанаваў амерыканцам купіць Нежынскі ГОК.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!