Фото: Мікола Статкевіч/Facebook
Мікалай Статкевіч апублікаваў у сваім тэлеграм-канале паведамленне з нагоды Міжнароднага жаночага дня, у якім павіншаваў жанчын-палітвязняў і заклікаў дамагчыся іх вызвалення.
Ён таксама прызнаўся, што раней скептычна ставіўся да свята, лічачы яго штучным і афіцыёзным, аднак змяніў меркаванне пасля размовы з жонкай.
“Ведаю, што стаўленне да гэтага свята ў многіх неадназначнае. Калісьці і я сам казаў пра яго штучнасць і афіцыёзнасць. І нават ціха пасмейваўся з жанчын, якія ўрачыста неслі перад сабой са сваёй працы памяты гваздзік. Пакуль хатні «спецыяліст па этыцы» аднойчы не спытала ў мяне: «А ты хоць уяўляеш, для якой велізарнай колькасці нашых жанчын гэтае свята — адзіная магчымасць атрымаць кветку ў падарунак?» Мне стала сорамна”, — падзяліўся ён.
Палітык нагадаў пра жанчын, якія застаюцца за кратамі па палітычных матывах, дзе сутыкаюцца з нечалавечым стаўленнем.
“Сотні нашых пяшчотных, разумных, прыгожых, чуллівых жанчын апынуліся ў нечалавечых месцах, дзе штодня сутыкаюцца з грубасцю, прымусам, прыгнётам, у чужым і далёкім ад іх сацыяльным асяроддзі. Для іх сённяшні дзень — гэта толькі балючае напамінанне пра страчанае нармальнае жыццё сярод блізкіх, пра кветкі, падарункі і віншаванні ў тым, ранейшым жыцці. Мне бывае балюча і сорамна за тое, што мы дапусцілі такое. Таму ў гэты дзень я віншую жанчын-палітвязняў. І жадаю ім, перш за ўсё, хутчэйшага вызвалення. І няхай на волі ўсе кветкі свету будуць у вашых ног. Вы гэтага, безумоўна, вартыя”, — напісаў ён.
Нагадаем, Статкевіч быў асуджаны ў 2021 годзе па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў пазбаўлення волі. У верасні 2025 года ён увайшоў у лік 52 палітвязняў, якіх павінны былі вывезці ў Літву, аднак адмовіўся пакідаць Беларусь і выбег з аўтобуса. Пасля гэтага яго некалькі месяцаў утрымлівалі ў турме ў Глыбокім — пра гэта стала вядома толькі пасля яго вызвалення 19 лютага. 21 студзеня ён перанёс інсульт, у яго парушана маўленне. Зараз Статкевіч знаходзіцца дома ў Мінску, аднак дакументы яму да гэтага часу не выдадзены, яго прававы статус застаецца нявызначаным.