Фото: president.gov.by
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл расказаў, што на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску абмяркоўваў сітуацыю ў Іране і Венесуэле, і паабяцаў перадаць меркаванне Лукашэнкі ў Вашынгтон, паведамляе БелТА.
«Мы вельмі шмат абмяркоўвалі пытанняў, звязаных з узаемаадносінамі паміж Беларуссю і ЗША. Мы абмяркоўвалі таксама і тое, што думаюць пра вайну ў Іране ў Беларусі, тое, што думаюць пра вайну ў Іране ў ЗША, і якім чынам гэтая сітуацыя развіваецца», — расказаў Коўл.
Спецпасланнік Трампа адзначыў, што меркаванне Лукашэнкі «вельмі каштоўнае», і паабяцаў перадаць яго амерыканскаму прэзідэнту.
«Вельмі каштоўна заўсёды атрымліваць меркаванне Прэзідэнта Беларусі. Бо гэта зусім іншае меркаванне ў параўнанні з тым, што мы можам атрымаць на Захадзе. Гэта вельмі каштоўна для нас. Я абавязкова перадам усё тое, што мы абмяркоўвалі тут сёння, у Вашынгтон», — сказаў Коул.
“Мы абмеркавалі таксама сітуацыю, што адбываецца ў Венесуэле. Тое, што адбываецца ў Венесуэле і іншых рэгіёнах свету. І якім чынам гэта ўплывае на падзеі ва ўсім свеце. Бо ў нас у Заходнім паўшар’і цяпер сітуацыя вельмі дынамічная і імкліва развіваецца, вельмі шмат зменаў”, — заявіў спецпасланнік Трампа.
На перамовах таксама абмяркоўваўся магчымы візіт Лукашэнкі ў ЗША.
Лукашэнка на сустрэчы з Коўлам заявіў, што хацеў бы пагаварыць пра сітуацыю на Блізкім Усходзе, і падкрэсліў, што ЗША ваюе супраць сяброў Беларусі. Ён таксама заявіў, што гатовы прытрымлівацца дамоўленасцяў па палітвязнях, і намякнуў на прамыя авіязносіны з ЗША.