Фото: sebastiaan stam / unsplash.com
Краіны Еўрасаюза падвергліся кібератакам з боку Расіі. За іх арганізацыяй стаіць 16-ты цэнтр ФСБ, які каардынуе розныя групы.
“На працягу многіх гадоў ФСБ праводзіла шырокі спектр шкоднасных кібератак, маштабы якіх пастаянна раслі, закранаючы ЕС, яго дзяржавы-члены, а таксама міжнародных партнёраў, у прыватнасці Украіну. Гэтыя атакі ўключалі пранікненне ў дзяржаўныя сеткі і сабатаж крытычнай інфраструктуры. Сярод іншых мэт былі Францыя, Германія, Польшча, Кіпр, Нідэрланды, Аўстрыя, Славакія, Румынія і Фінляндыя.
У Францыі 16-ты цэнтр з 2010 года займаўся кібершпіянажам супраць стратэгічна важных дзяржаўных структур, а ў 2025 годзе — супраць абароннай прамысловасці. У Германіі ён таксама атакаваў дзяржаўныя структуры. Нядаўна ў Польшчы 16-ты цэнтр правёў аперацыі па сабатажы крытычнай інфраструктуры, у тым ліку цеплаэлектрастанцый”, — гаворыцца ў заяве Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
ЕС асуджае гэтыя атакі і ўводзіць санкцыі ў дачыненні да дзевяці фізічных і чатырох юрыдычных асоб, сярод якіх — супрацоўнікі ГРУ, кіберзлачынцы, хактывісты і прыватныя кампаніі.
Тым часам Міністэрства замежных спраў Францыі ўжо выклікала расійскага пасла.