Лукашэнка пра мігрантаў з Узбекістана: Памочнікі будуць трымаць гэта на кантролі

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Шклоўскага раёна вырашыў пракаментаваць пагадненне з Узбекістанам аб прыцягненні працоўных мігрантаў. Ён апісаў сістэму, якую ўжо ўкараняюць у дачыненні да пакістанскіх рабочых, а таксама заявіў, што дадаткова міграцыю будуць кантраляваць памочнікі.

“Прынята рашэнне аб тым, каб выпрацаваць сістэму і запрашаць у краіну людзей з-за мяжы. Украінцы з’ехалі, многія расіяне едуць да нас працаваць. Цяпер мы вялі перамовы з Шаўкатам Мірзіёевым, я яму прапанаваў. У нас ёсць сістэма: пасольства вызначае ў першым набліжэнні, каго можна, каго нельга. І тут кіраўнік павінен вызначыць, колькі яму трэба чалавек, па якіх спецыяльнасцях. І ён выбірае сабе. Людзі будуць патрэбныя. І нам яны вельмі патрэбныя”, — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.

Нагадаем, раней Лукашэнка заяўляў пра гатоўнасць прыняць да 150 тыс. рабочых з Пакістана. Аднак, як паказвае статыстыка, прыехала толькі невялікая колькасць працоўных мігрантаў. Паводле даных МУС, за паўгода ў Беларусь уехалі 30 365 замежнікаў для працы, пры гэтым з Пакістана — толькі 202 чалавекі. Найбольшая група мігрантаў — грамадзяне Туркменістана (13,5 тыс. чалавек). З Узбекістана прыехалі 2547 чалавек.

Лукашэнка нагадаў, што замежныя рабочыя знаходзяцца ў Беларусі пад жорсткім кантролем.

“Павінна быць сістэма. Яна ў нас ёсць. Яна мною вызначана. Толькі кіраўнік бярэ, і ён за іх нясе адказнасць. Павінен быць парадак. Не павінна быць усё без разбору. Таму выбарачна, мэтанакіравана. Па адным, два, дзесяць, дваццаць чалавек. Колькі каму трэба. Персанальная адказнасць. Памочнікі будуць трымаць гэта на кантролі”, — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!