Изображение: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што яго кропка гледжання на сітуацыю на Блізкім Усходзе важная для ЗША. Пра гэта ён заявіў падчас перамоў са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам.
“Джон, як быццам вайны няма, на цябе ніякага ўплыву не аказваюць гэтыя войны і праблемы сусветныя”, – сказаў Лукашэнка, паціскаючы руку Коўлу.
“Гэта добра”, – адказаў амерыканскі пасланнік.
Тэма вайны была працягнута за сталом перамоў. Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць як рэгіянальныя, так і глабальныя праблемы.
“Настойліва прасіў бы вас, каб мы абмеркавалі рэгіянальныя праблемы. І не толькі праблемы Украіны, але і глабальныя. І не толькі вайну на Блізкім Усходзе. Думаю, мая кропка гледжання па глабальных праблемах, асабліва па сітуацыі на Блізкім Усходзе, будзе важная для вас, паколькі вы ваюеце супраць нашых сяброў. І я гатовы адкрыта пагаварыць на гэтую тэму”, – сказаў ён.
Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, Джон Коўл удакладніў, ці ідзе гаворка пра вайну з Іранам.
“Так, вельмі хацеў бы, каб маю кропку гледжання вы данеслі да Дональда Трампа. Я па-ранейшаму, нягледзячы на пэўныя памылкі, як я лічу, Злучаных Штатаў, з’яўляюся прыхільнікам вашага прэзідэнта”, – адказаў Лукашэнка.
Нагадаем, ЗША і Ізраіль з канца лютага праводзяць ваенную аперацыю супраць Ірана. За гэты час беларускі бок кантактаваў як з Іранам, так і з краінамі-саюзнікамі ЗША, якія таксама падвяргаюцца атакам іранскіх сіл. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з паслом Ірана ў нашай краіне, а міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў меў зносіны з калегамі з краін Персідскага заліва. На мінулым тыдні Лукашэнка прымаў Рыжанкова з дакладам.
У пятніцу ў Дрыбінскім раёне пры наведванні малочна-таварнага комплексу Аляксандр Лукашэнка казаў, што самы лепшы варыянт для прэзідэнта ЗША Дональда Трампа – выйсці з канфлікту з Іранам.
«Няхай скажуць, што яны там ужо ўсё разбамбілі. Але выйсці. Бо далей будзе горш», — казаў ён тады.
будзе дапоўнена