Коўл заявіў пра магчымы візіт Лукашэнкі ў ЗША

На сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла абмяркоўвалася пытанне магчымага візіту Лукашэнкі ў ЗША. Пра гэта Коўл расказаў пасля перамоў.

«Мы абмеркавалі таксама магчымую паездку Прэзідэнта Лукашэнкі ў ЗША і будзем працаваць над тым, каб гэта арганізаваць», — цытуе Коўла прэс-служба Лукашэнкі.

Коўл дадаў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп «пастаянна гаворыць пра прэзідэнта Лукашэнку, адгукаецца пра яго як пра свайго вельмі добрага сябра і паважанага сусветнага лідара».

На сустрэчы таксама абмяркоўвалася сітуацыя на Блізкім Усходзе. Лукашэнка падкрэсліў, што ЗША ваюе супраць сяброў Беларусі, заявіў, што гатовы прытрымлівацца дамоўленасцяў па палітвязнях, і намякнуў на прамыя авіязносіны з ЗША.

Варта адзначыць, што Лукашэнка адным з першых падпісаў дакумент аб уступленні ў Савет міру, заснаваны Дональдам Трампам. Аднак на першую вочную сустрэчу арганізацыі ён не паехаў. Сам Лукашэнка растлумачыў гэта лагістычнымі складанасцямі. «Я што, павінен быў у сувязі з гэтымі санкцыямі праз Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку ляцець у Вашынгтон? Калі вы хацелі мяне там бачыць, вырашайце пытанне, каб я мог спакойна прыляцець і паляцець адтуль», — казаў ён.

Замест яго на сустрэчы павінен быў прысутнічаць міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, аднак яго там таксама не было. У МЗС растлумачылі гэта тым, што міністр не атрымаў амерыканскую візу.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!