Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы падрыхтуе даклад па Беларусі

Галоўнае
Фото: СЕ

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы падрыхтуе даклад пра сітуацыю ў Беларусі. Такое рашэнне прыняло бюро арганізацыі, паведамілі ў Каардынацыйнай радзе.

Даклад атрымаў назву “Роля мясцовых і рэгіянальных уладаў у падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці ў выгнанні”.

“Асноўная палітычная мэта дадзенага даклада — вызначыць ролю еўрапейскіх мясцовых і рэгіянальных уладаў у абароне і падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці ў выгнанні, а таксама даць рэкамендацыі па інтэграцыі”, – распавялі ў КР.

Дакумент будзе заснаваны на рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Ён закліканы заахвочваць актыўны ўдзел беларусаў у мясцовых працэсах еўрапейскіх супольнасцяў. Ініцыятыва накіравана на кансалідацыю мясцовых і рэгіянальных намаганняў па абароне дэмакратычных суб’ектаў у выгнанні.

Досвед, назапашаны беларусамі ў еўрапейскіх муніцыпалітэтах, стане асновай для дэцэнтралізацыі і пабудовы мясцовага самакіравання ў дэмакратычнай Беларусі.

“Падрыхтоўка такога даклада з’яўляецца вынікам сістэматычнай працы дэлегацыі Каардынацыйнай рады на Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы і важным крокам на шляху да прызнання беларускага грамадзянскага супольніцтва ў якасці паўнапраўнага партнёра на еўрапейскім узроўні”, – адзначылі ў КР.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.