Заявы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра вяртанне амерыканскіх нафтавых кампаній у Венесуэлу могуць адкрыць новыя магчымасці для «Беларуснафты» ў працы ў рэгіёне. Такое меркаванне выказаў эксперт iSANS.
Рэдакцыя Reform.news звярнулася да спецыяліста аддзела энергетычнай бяспекі iSANS Яўгена Макарчука з просьбай ацаніць заявы амерыканскай адміністрацыі адносна развіцця нафтавай галіны Венесуэлы і перспектывы выхаду буйной венесуэльскай нафты на сусветны рынак.
Нафтаздабыча ў Венесуэле. Агульная сітуацыя
Апошнія падзеі ў Венесуэле часта звязваюць з запасамі нафты, якімі валодае гэтая краіна.
Венесуэла на самой справе валодае найбуйнейшымі ў свеце запасамі нафты — каля 303 млрд барэляў. Напрыклад, усе краіны АПЕК (куды ўваходзіць Венесуэла) валодаюць каля 1240 млрд барэляў запасаў (то бок доля Венесуэлы каля 25%), а ў цэлым у свеце запасы складаюць каля 1566 млрд барэляў (доля Венесуэлы — каля 20%).
300 млрд барэляў — колькі гэта? Дабычa нафты ў свеце зараз крыху перавышае 100 млн барэляў у дзень, або каля 36,5 млрд барэляў у год. Такім чынам, толькі нафта Венесуэлы магла б забяспечыць свет нафтай амаль на 10 гадоў, калі б яе можна было здабываць без абмежаванняў.
Гісторыя нафтаздабычы ў Венесуэле
Здабычa нафты ў Венесуэле падала на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. У лепшыя гады здабыча нафты перавышала 3,5 млн барэляў у дзень. Але гісторыя здабычы нафты ў Венесуэле досыць паказальная. На фоне росту цэн у пачатку 1970-х гадоў адбылося значнае скарачэнне здабычы.
У 1976 годзе адбылася нацыяналізацыя, якая прывяла да працяглага скарачэння здабычы, што скончылася толькі ў пачатку 1990-х гадоў, калі заходнія кампаніі былі запрошаны да распрацоўкі радовішчаў Арынока.
У 2000-х гадах ужо Уга Чавес пачаў новую хвалю нацыяналізацыі, прымушаючы заходнія кампаніі ствараць сумесныя прадпрыемствы з дзяржаўнай PDVSA, у якіх заходнія кампаніі не маглі мець больш за 40% акцый і, адпаведна, не мелі права прымаць рашэнні. Пры гэтым тэхналогіі здабычы на радовішчах Арынока належалі амерыканскім кампаніям, і без іх падтрымкі PDVSA не магла падтрымліваць узровень здабычы.

У выніку з другой паловы 2010-х гадоў здабыча нафты зноў пачала падаць, прычым у асноўным у сектары здабычы дзяржаўнай кампаніі PDVSA.
Паводле дадзеных на канец 2025 года здабыча нафты ў Венесуэле складала каля 1–1,1 млн барэляў у суткі . З іх каля 400 тыс. барэляў здабывалася на велізарным Арынокскім нафтавым поясе і каля паловы — на астатніх радовішчах.
Асаблівасці здабычы
Такім чынам, як мы бачым, пры здабычы нафты існуюць пэўныя абмежаванні, і нават пры наяўнасці такіх велізарных запасаў аб’ёмы здабычы нафты пастаянна скарачаюцца. Праблема заключаецца ў якасці і тыпе нафты.
У асноўным нафта здабываецца ў двух басейнах:
- Басейн Маракайбо — буйное радовішча з традыцыйнай нафтай. Запасы ацэньваюцца ў 5,6–8 млрд барэляў. Для здабычы выкарыстоўваюцца традыцыйныя тэхналогіі.
- Арынокскі нафтавы пояс (Пояс Арынока) — змяшчае гіганцкія запасы звышцяжкай нафты, больш за 300 млрд барэляў, а паводле некаторых ацэнак — да 650 млрд барэляў.

Цяжкімі нафтамі называюць нафты, якія складаюцца з больш доўгіх ланцужкоў вугляродаў, з-за чаго яны маюць большую шчыльнасць і, што больш важна, высокую вязкасць.
Нафта ў Арынока не проста цяжкая, а звышцяжкая: яна настолькі вязкая, што не можа цячы па трубаправодзе. Таму для яе здабычы неабходна часткова перапрацоўваць нафту непасрэдна ў пласце (пад зямлёй). Існуе некалькі тэхналогій распрацоўкі такой нафты. Напрыклад, у пласт можа закачвацца пар, які падагравае нафту і робіць яе больш цякучай. Магчыма таксама арганізацыя кантраляванага падземнага гарэння нафты, калі частка яе згарае, а другая награваецца, становіцца менш вязкай і можа быць паднята на паверхню. Акрамя таго, можа выкарыстоўвацца ўвядзенне хімічных рэактываў, і найчасцей неабходна прымяняць камбінацыю розных падыходаў у пэўных прапорцыях.
Хоць гэтыя падыходы добра вядомыя, на практыцы арганізаваць прамысловую здабычу такой нафты могуць толькі буйныя амерыканскія нафтаздабыўныя кампаніі. Для іх рэалізацыі таксама неабходна стварэнне адпаведнай інфраструктуры.
Венесуэла і Беларусь
Хочацца нагадаць, што якраз перад нацыяналізацыяй 2007 года ў Венесуэле пачала працаваць «Беларуснафта». «Беларуснафта» і PDVSA сфарміравалі сумеснае прадпрыемства Petrolera BeloVenesolana у межах патрабаванняў да замежных кампаній: 40 % належала «Беларуснафце», а 60 % — PDVSA.
Прадпрыемства нават выйшла на ўзровень здабычы каля 5 тыс. барэляў у суткі, аднак падзенне цэн у 2008–2009 гадах, а затым санкцыйны ціск прывялі да спынення здабычы нафты. Пасля яшчэ спрабавалі наладзіць здабычу нафты ў Венесуэле і дастаўку яе ў Беларусь на фоне нафтавага крызіса і спробы арганізацыі альтэрнатыўных паставак нафты. Але і гэтыя пастаўкі спыніліся. Пры гэтым «Беларуснафта» заставалася ў Венесуэле і аказвала паслугі па разведцы, сейсмічных даследаваннях і абслугоўванні здабыўнога абсталявання.
Інфармацыя пра спыненне гэтай дзейнасці адсутнічае, таму цалкам верагодна, што кампаніі структуры «Беларуснафты» і цяпер працуюць у Венесуэле.
Вынікі і прагноз
На бягучую сітуацыю на рынку нафты гэтыя змены, хутчэй за ўсё, не адаб’юцца істотна ў кароткатэрміновай перспектыве. Здабыча ў Венесуэле цяпер нязначная, і няма перадумоў для яе рэзкага росту ў бліжэйшы час. Інфраструктура, якая раней забяспечвала здабычу на ўзроўні каля 3 млн барэляў у суткі, разбурана або састарэла. Яе поўнае аднаўленне ў хуткім часе немагчыма. Да таго ж будзе адчувацца дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, якія масава з’язджалі з Венесуэлы разам з кампаніямі, на якія яны працавалі і якія былі выціснуты ў выніку нацыяналізацыі часоў Чавеса.
Апошнім часам экспарт нафты быў фактычна заблакаваны і ў сховішчах назапасілася досыць нафты. Таму пасля зняцця блакады можна будзе назіраць пэўны рост экспарту, але гэта будзе кароткачасовы рост для разгрузкі сховішчаў.
У сярэднетэрміновы перыяд магчымы некаторы рост здабычы за кошт таго, што будуць зняты санкцыі і з’явіцца большая свабода гандлю здабываемай нафтай.
У доўгатэрміновай перспектыве ўсе залежыць ад палітыкі адносна развіцця нафтадабываючай галіны. Калі ў Венесуэлу прыйдуць буйныя нафтаздабываючыя амерыканскія кампаніі і будуць створаны ўмовы для прыцягнення інвестыцый, то верагодна будзе стварацца інфраструктура якая дазволіць павялічыць здабычу ў Поясе Арынока.
Пры гэтым заявы Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа могуць сведчыць пра актыўную працу адміністрацыі прэзідэнта па вятранню амерыканскіх кампаній у Венесуэлу. Магчыма нават стварэнне нейкага механізма кампенсацыі страт ад нацыяналізацыі 2007 года.
“Мы збіраемся прымусіць нашыя вельмі буйныя нафтавыя кампаніі ЗША — найбуйнейшыя ў свеце — прыйсці, укласці мільярды даляраў, адрамантаваць моцна пашкоджаную інфраструктуру, нафтавую інфраструктуру, і пачаць прыносіць краіне прыбытак”, – сказаў Трамп.
Гэта можа ў пэўнай меры паскорыць прыход Амерыканскіх кампаній і інвестыцый ў Венесуэлу, але аднаўленне разбуранай інфраструктуры і падрыхтоўка персанала ўсе роўна займе дастаткова часу.
Трэба адзначыць, што Венесуэла з’яўляецца членам АПЕК. Так як яе здабыча скарачалася, то яна не мела абмежаванняў на здабычу нафты. Але пры росце здабычы гэта патэнцыйна поле для будучых спрэчак – абмежаванне здабычы нафты ў Венесуэле на бягучым ўзроўні выглядае не справедліва, так як Венесуэла доўгі час і так скарачала здабычу, а адсутнасць абмежаванняў на здабычу для гэтай краіны, або абмежаванні на больш высокіх ўзроўнях будзе патрабаваць каб другія краіны скарацілі здабычу дзеля захавання яе аб’ема ў рамках арганізацыі АПЕК.
Яшчэ адной асаблівасцю з’яўляецца тое, што з Венесуэлы будзе расці экспарт цяжкай нафты. Хаця гэта ўсе роўна нафта, але розныя гатункі нафты не могуць поўнасцю замяніць адзін аднаго. Выхад нафтапрадуктаў розны з розных гатункаў нафты. Таму рост здабычы больш цяжкіх гатункаў нафты ў доўгатэрміновай перспектыве могуць павялічыць дысконты другіх гатункаў цяжкай нафты адносна гандлюемых марак, такіх як Брэнт.
Для “Беларуснафты” дарэчы гэта магло б стаць пэўнай магчымасцю. Рост здабычы і аднаўленне інфраструктуры ў Венесуэле можа стварыць дадатковы попыт на паслугі беларускіх нафтавікоў. Яны маглі б наладзіць стасункі з буйнейшымі светавымі нафтавымі кампаніямі і напрацаваць дадатковы перадавы досвед.
