У аўторак на станцыі ў Пулавах польскія паліцэйскія затрымалі 25-гадовага грамадзяніна Малдовы. Ён актываваў ручны тормаз у таварным цягніку, які рухаўся па маршруце Шчэцін–Дарагуск. У момант затрымання мужчына знаходзіўся паміж вагонамі, паведамілі ў паліцыі Люблінскага ваяводства.
У маладога чалавека былі выяўлены мабільныя тэлефоны, электроннае абсталяванне, сім-карты, паўэрбанкі і дакументы на рускай мове. Аб інцыдэнце паінфармаваны Нацыянальная пракуратура, Служба ваеннай контрразведкі і інш.
Трэба адзначыць, што ў лістападзе мінулага года ў Пулаўскім павеце на чыгунцы была здзейснена дыверсія, у якой падазраюцца два грамадзяніны Украіны, што паспелі пакінуць Польшчу праз Беларусь. Тады быў падарваны кавалак рэйкі, а таксама ўсталявана прылада, якая магла прывесці да сходу цягніка.
Праз Пулавы праходзіць чыгуначная лінія, якая вядзе да мяжы з Украінай і з’яўляецца важным каналам перавозкі грузаў ва Украіну.
