Камітэт дзяржаўнага кантролю выступае за ўвядзенне адміністрацыйнай адказнасці за неэфектыўнае расходаванне бюджэтных сродкаў. Аднак урад не падтрымлівае гэтую меру. Пра гэта заявіў старшыня КДК Васіль Герасімаў на сённяшнім мерапрыемстве з удзелам Лукашэнкі.
“Камітэт ужо не першы год прапануе ўвесці адміністрацыйную адказнасць за неэфектыўнае расходаванне бюджэтных сродкаў. Урад пярэчыць, указваючы на магчымыя цяжкасці ў яе прымяненні”, — сказаў Герасімаў, перадае БелТА.
Ён таксама ўказаў на іншыя праблемы, у прыватнасці на штучнае раздзіманне экспартных паказчыкаў.
“Не ў поўнай меры задзейнічваецца патэнцыял тавараправодных сетак за мяжой. А часам выяўляюцца факты, калі для стварэння бачнасці экспартнай актыўнасці без аплаты ажыццяўляюцца адгрузкі прадукцыі на склады ў Расію, пасля чаго запазычанасць за тэхніку гадамі не пагашаецца”, — адзначыў ён.
Паводле яго слоў, бізнес-планы шэрагу прадпрыемстваў заснаваныя на “нізкай базе 2025 года”, але пры гэтым прадугледжваюць далейшае скарачэнне вытворчасці, экспарту і прыбытку, а заробкі кіраўнікоў такіх прадпрыемстваў растуць.
Ён нагадаў, што часта тэхніка арандуецца, хоць яе танней было б купіць. КДК адмяняў закупкі дарагіх фантанаў і паслуг дызайнераў. Дрэнна пралічаныя інвестыцыйныя праекты.
“Грошы не лічым. Недастатковая прапрацоўка інвестпраектаў цягне дадатковыя выдаткі, нерастаропнасць — страту іх актуальнасці”, — сказаў ён.
Ёсць у Герасімава прэтэнзіі і да якасці праектаў у межах праграмы “Адзін раён — адзін праект”.
“Галоўнае — няма заделу на будучыню. Якасных прапаноў для патэнцыйных інвестараў няшмат”, — падкрэсліў ён.
У сельскай гаспадарцы КДК знайшоў безгаспадарчасць і халатнасць, выяўлены парушэнні тэхрэгламентаў. Шэраг сельгасарганізацый не былі забяспечаны ўгнаеннямі, а ў бягучым годзе тэмпы назапашвання мінеральных угнаенняў ніжэйшыя за леташнія. Не забяспечана цэнтралізацыя закупак па шэрагу пазіцый, што вядзе да значнай пераплаты. Акрамя таго, кантралёры часта канстатуюць нізкую гатоўнасць сельгастэхнікі, праблемы з арганізацыяй рамонту.
“А дзе шэфства, пра якое казаў кіраўнік дзяржавы? Фармалізм. За рэдкім выключэннем сістэмная праца не наладжана. Даручэнне па шэфскай дапамозе не выканана”, — дадаў ён.
У КДК таксама ўзнікае пытанне наконт будаўніцтва 60 малочна-таварных комплексаў.
“У краіне да 2030 года плануецца пабудаваць 60 малочна-таварных комплексаў. А мы зможам іх забяспечыць высокапрадуктыўным пагалоўем? Праца па павышэнні эфектыўнасці дзяржпадтрымкі сельгасвытворцаў фактычна не пачата. Мінсельгасхарчам падыходы не выпрацаваны. Аблвыканкамы ў працэс не ўцягнуты”, — сказаў ён.
