Дзесяцікласнікаў будуць адпраўляць на кругласутачныя вучэбна-палявыя зборы

Галоўнае
Школьники на сборах. Фото: Минобр

Беларускіх дзесяцікласнікаў у маі адправяць на вучэбна-палявыя зборы. Яны пачнуцца 25 мая і працягнуцца 10 дзён (60 гадзін). Знаходжанне юнакоў на такіх зборах будзе кругласутачным, а абстаноўка — набліжаная да ўмоў у арміі.

«Вучэбна-палявыя зборы праводзяцца з мэтай удасканалення прадметных кампетэнцый і адпрацоўкі практычных навыкаў па вучэбным прадмеце «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка», — паведамляе Міністэрства адукацыі.

Калі зборы немагчыма арганізаваць у фармаце кругласутачнага знаходжання вучняў, іх правядуць у тыя ж тэрміны на базе школ і гімназій.

«Для дасягнення максімальнага эфекту» ад збораў прадугледжана ўзаемадзеянне з воінскімі часткамі, ваеннымі кафедрамі і факультэтамі, ваеннымі навучальнымі ўстановамі. Ад іх чакаюць выдзялення асабовага складу, ваеннай маёмасці, вучэбнага абсталявання і сродкаў навучання.

Перавод школьнікаў у 11-ты клас ажыццяўляецца па выніках збораў. Вызваленне можна атрымаць толькі па медыцынскіх паказаннях.

Для дзяўчат прадугледжаны практычныя заняткі па медыцынскай падрыхтоўцы (60 гадзін). Яны арганізуюцца з выкарыстаннем базы ўстаноў аховы здароўя, рэгіянальных падраздзяленняў Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа або рэгіянальных падраздзяленняў МНС.

Пры адсутнасці такой магчымасці заняткі могуць праводзіцца непасрэдна ў школах. Мінадукацыі рэкамендуе прыцягваць для заняткаў медыцынскіх работнікаў і выкарыстоўваць сімуляцыйныя метады.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.