Фото: Генпрокуратура
Суд Валожынскага раёна прызнаў вінаватым 46-гадовага жыхара Валожына ў парушэнні правілаў бяспекі будаўнічых работ, якое па неасцярожнасці пацягнула смерць чалавека.
Як паведамілі ў пракуратуры, справа датычылася гібелі рабочага ў чэрвені 2025 года. Падчас разборкі аб’екта работніка прыціснула жалезабетоннай плітой. Ён атрымаў шматлікія траўмы і памёр на месцы здарэння.
Абвінавачаным па справе быў прызнаны дырэктар ТАА, якое праводзіла работы. Паводле версіі абвінавачання, мужчына дапусціў да работ чалавека, які не меў адпаведнай кваліфікацыі. Работы праводзіліся без арганізацыйна-тэхналагічнай дакументацыі. Не быў распрацаваны лакальны прававы акт па ахове працы, які змяшчаў спосабы і прыёмы бяспечнага выканання работ па разборцы і зносе аб’екта. Будаўнікі былі дапушчаны да выканання работ з павышанай небяспекай без афармлення нарада-допуску. Пастаянны кантроль і кіраўніцтва работамі на аб’екце не ажыццяўляліся.
У судовым пасяджэнні абвінавачаны віну прызнаў часткова.
Яму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады 6 месяцаў з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з забеспячэннем правілаў бяспекі вытворчасці работ і аховы працы ў сферы будаўніцтва, на тэрмін 5 гадоў. Таксама суд спагнаў з яго на карысць роднай сястры загінулага 10 тыс. рублёў у якасці грашовай кампенсацыі маральнай шкоды.