Даследчыкі назвалі верагоднае месца размяшчэння «Арэшніка» ў Беларусі

Верагодным месцам дыслакацыі расійскага ракетнага комплексу «Арэшнік» у Беларусі мог стаць былы ваенны аэрадром Крычаў-6 у Магілёўскай вобласці, паблізу мяжы з Расіяй. Да такой высновы прыйшлі даследчыкі з Мідлберы-каледжа, якія прааналізавалі спадарожнікавыя здымкі Planet Labs.

У прыватнасці, спецыялісты зафіксавалі расчыстку пляцоўкі, дэмантаж грамадзянскіх пабудоў, а таксама поўнае аднаўленне чыгуначнай галінкі, якая вядзе да аб’екта. Як адзначаюць эксперты, наяўнасць асобнага чыгуначнага вузла з’яўляецца характэрнай рысай аб’ектаў, што выкарыстоўваюцца падраздзяленнямі ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння, і можа ўказваць на размяшчэнне стратэгічнага ракетнага ўзбраення.

У склад каманды ўваходзілі доктар Джэфры Льюіс, Майкл Дуітсман і выпускнік Мідлберы-каледжа Дэкер Эвеліт, які працуе ў CNA Corporation.

Аэрадром Крычаў-6 не эксплуатаваўся з пачатку 1990-х гадоў і раней выкарыстоўваўся савецкай авіяцыяй. У апошнія гады тэрыторыя прымянялася ў гаспадарчых мэтах, аднак у жніўні былі зафіксаваныя хуткія змены інфраструктуры, якія супадаюць па тэрмінах з заявамі аб падрыхтоўцы пазіцый для «Арэшніка», адзначаецца ў матэрыяле.

Нагадаем, выступаючы на УНС 18 снежня, Лукашэнка заявіў, што «Арэшнік» ужо прыбыў у Беларусь днём раней і заступае на баявое дзяжурства. «Першыя пазіцыі абсталяваныя ракетным комплексам «Арэшнік»: ён у нас з учорашняга дня і заступае на баявое дзяжурства», — сказаў ён.

На днях Лукашэнка заслухаў даклад міністра абароны Віктара Хрэніна, у якім, сярод іншага, ішла гаворка пра пастаноўку «Арэшніка» на баявое дзяжурства.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!