Аўтобус «Брэст—Масква» перакуліўся ў кювет у Талачынскім раёне. Адзін чалавек загінуў

Аўтобус «Брэст—Масква» перакуліўся ў кювет у Талачынскім раёне, паведамляе прэс-служба МУС. Трагедыя адбылася сёння каля 02:40 на дарозе М1 «Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі».

43-гадовы вадзіцель аўтобуса ехаў з боку Мінска, не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у правы па ходзе руху кювет і перакуліўся. У салоне знаходзіліся два вадзіцелі і 12 пасажыраў. У выніку ДТЗ 53-гадовая жанчына загінула, 6 чалавек шпіталізаваныя.

На месцы працавалі супрацоўнікі ДАІ, МНС, медыкі, следча-аператыўная група.

Паводле інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра арганізацыі медыцынскага рэагавання Міністэрства аховы здароўя, на месца аварыі былі накіраваныя брыгады інтэнсіўнай тэрапіі, фельчарскія і рэанімацыйныя брыгады.

13 чалавек былі дастаўленыя спецыялістамі 8 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі ў Талачынскую ЦРБ і Аршанскую гарадскую бальніцу №1. Трое пацыентаў з Талачынскай ЦРБ пасля агляду спецыялістамі накіраваныя на амбулаторнае лячэнне.

Пацыентам, шпіталізаваным у Аршанскую бальніцу, правялі неабходныя дыягнастычныя даследаванні. Цяпер 4 пацыенты шпіталізаваныя ў хірургічнае аддзяленне, 5 — у траўматалагічнае аддзяленне, адзін — у рэанімацыйнае. У пацыентаў дыягнаставаныя траўмы рознай ступені цяжкасці.

Сітуацыя знаходзіцца на кантролі Міністэрства аховы здароўя.

Фота: t.me/skgovby
Фота: t.me/skgovby
Фота: t.me/skgovby
Фота: t.me/pressmvd
Фота: t.me/pressmvd
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!