Хрэнін далажыў Лукашэнку пра пастаноўку «Арэшніка» на баявое дзяжурства і пускі мадэрнізаванага «Паланеза»

Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад міністра абароны Віктара Хрэніна. Ён быў прысвечаны стану спраў ва Узброеных сілах, «Арэшніку» і абноўленаму «Паланезу».

Як паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі, адна з тэм дакладу тычылася «размяшчэння ў Беларусі ракетнага комплексу „Арэшнік“ і яго пастаноўкі на баявое дзяжурства». Таксама ішла гаворка пра ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Расіяй.

«У мяне адбыўся дэталёвы даклад кіраўніку дзяржавы пра стан спраў ва Узброеных Сілах. Кіраўнік дзяржавы ў гэтым пытанні пастаянна трымае руку на пульсе. І адно з пытанняў, якое было даложана кіраўніку дзяржавы, — як прайшло размяшчэнне ракетнага комплексу „Арэшнік“ і як ідзе яго заступленне на баявое дзяжурства», — пракаментаваў Хрэнін.

Акрамя таго, Лукашэнку было даложана пра праведзеныя днямі пускі мадэрнізаванай айчыннай РСЗА «Паланез-М» з павялічанай далёкасцю і палепшанай дакладнасцю стральбы. Адзначаецца, што адпаведныя пытанні абмеркаваныя ў практычнай плоскасці, пастаўленыя неабходныя задачы.

«Было даложана, што новы навучальны год нашы ракетчыкі пачалі з пускаў мадэрнізаванага комплексу „Паланез-М“, які вылучаецца павялічанай далёкасцю і дакладнасцю», — расказаў Хрэнін.

Паводле яго слоў, ён праінфармаваў Лукашэнку, як прайшлі пускі. Падраздзяленне ўчора паспяхова вярнулася дадому, прыбыло ў пункт пастаяннай дыслакацыі. Хрэнін дадаў, што Лукашэнка цікавіўся перспектывамі мадэрнізацыі комплексу, сумеснымі распрацоўкамі з Расійскай Федэрацыяй ракет павялічанай далёкасці, перспектывамі «Паланеза-М».

«Дэталёва было даложана, што мы зацікаўленыя ў гэтым, дадзены від узбраення нам патрэбны. І сумесна з нашым Дзяржкамваенпрамам мы працягнем працу па распрацоўцы і мадэрнізацыі гэтага комплексу», — сказаў Хрэнін.

Хрэнін таксама расказаў пра планы пастаўкі мадэрнізаваных ЗРК «Бук» ва Узброеныя сілы Беларусі. Гаворка ішла пра тэрміны і колькасныя параметры паставак ЗРК.

Нарэшце, Лукашэнка і міністр абароны разгледзелі прапановы аб кадравых прызначэннях ва Узброеных сілах.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!