Лукашэнка заявіў, што «Арэшнік» знаходзіцца ў Беларусі з учорашняга дня

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што комплекс «Арэшнік» знаходзіцца ў Беларусі з учорашняга дня і заступае на баявое дзяжурства. Гэта прагучала падчас яго выступлення на Усебеларускім народным сходзе.

«Стратэгічную абарону забяспечвае і наша ваеннае супрацоўніцтва, перш за ўсё з Расійскай Федэрацыяй. Таму Беларусь і Расія рэалізуюць комплекс мер стратэгічнага стрымлівання — гэта разгортванне на нашай тэрыторыі расійскай складовай рэгіянальнай групоўкі войскаў. У выпадку абвастрэння канфліктаў прадугледжана: Узброеныя сілы — некалькі дзясяткаў тысяч чалавек — на захадзе Расіі, якія неадкладна другім эшалонам уключаюцца ў ваенную барацьбу. Першай ідзе Беларусь — нам трэба рэагаваць. Далей нас падтрымлівае Расійская Федэрацыя.

Вось гэта і ёсць рэгіянальная групоўка войскаў. І тактычная ядзерная зброя, якую мы вярнулі ў Беларусь. Акрамя таго, першыя пазіцыі абсталяваны ракетным комплексам «Арэшнік»: ён у нас з учорашняга дня і заступае на баявое дзяжурства», — заявіў ён.

Нагадаем, раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што яму не патрэбныя «Посейдон» і «Буревестник» і пацвярджаў, што «Арэшнік» заступіць на баявое дзяжурства ў снежні і будзе баражыраваць па Беларусі.

17 снежня Уладзімір Пуцін заяўляў, што комплекс «Арэшнік» паставяць на баявое дзяжурства да канца года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!