Уваход у Купалаўскі тэатр у Мінску ў жніўні 2020-га. Фота: raptularz.e-teatr.pl/
«Беларусь. Тэатр на выгнанні» – так называецца апошні выпуск польскага тэатральнага часопіса Raptularz, выдаўцом якога з’яўляецца тэатральны інстытут імя Збігнева Рашэўскага.
«У апошнія гады, засяродзіўшыся на Украіне, якая ваюе, мы крыху забыліся пра Беларусь», – такой фразай пачынаецца нумар. Часопіс прымеркаваны да шасцігоддзя жнівеньскіх падзей 2020 года, ва ўводзінах згадваюць рэпрэсіі і іх наступствы, а таксама – глыбокія гістарычныя сувязі паміж Польшчай і Беларуссю.
Агнешка Рамашэўская-Гузы, ініцыятарка і дырэктарка (да 2024 года) тэлебачання Белсат, у першых уводным тэксце апісвае сітуацыю ў Беларусі. «Як жа атрымалася, што ідылічнай роднай краінай Міцкевіча, якую ён называў «Літвой», пра якую пісаў вершы па-польску, сёння кіруе постсавецкі, жорсткі дыктатар?», – так пачынаецца яе тэкст пад назвай «Спадчыннікі патанулай Атлантыды».
Пачынаючы ад часоў ВКЛ, пералічваючы ўсе войны, паланізацыю і русіфікацыю, аўтарка тлумачыць, чаму народ застаўся без лідараў, а «нацыянальнае абуджэнне беларусаў (у сэнсе сучаснай нацыянальнай свядомасці) адбылося позна і было адносна слабейшым, чым у іншых краінах».
Расказваючы пра савецкі перыяд, падагульняе: «Усю гэтую мазаіку беларускіх лёсаў у ХХ стагоддзі, мабыць, лепш за ўсё, і да таго ж лапідарна дэманструе цудоўны твор іх культуры – мюзікл «Народны альбом».
Рамашэўская-Гузы ўпэўненая, што зважаючы на гэты няпросты шлях, «вялікія праблемы пры аднаўленні краінай дзяржаўнага суверэнітэту былі фактычна непазбежныя. Яны прынялі твар Аляксандра Лукашэнкі, хамаватага дырэктара калгасу, былога вайскоўца памежных войскаў са Шклова на Магілёўшчыне».
Пасля пратэстаў, нягледзячы на жахлівыя рэпрэсіі, Лукашэнка абудзіў падводны вулкан, які бяздзейнічаў стагоддзямі, – сваю ўласную нацыю. «І хоць цяпер здаецца, што нацыя, магчыма, зноў дрэмле, а ўзрушэнні спыніліся, гэта ўсяго толькі бачнасць. Сейсмічныя штуршкі ў акіяне гісторыі працягваюцца, і наступныя часткі патанулай Атлантыды непазбежна ўсплываюць на паверхню», – завяршае артыкул Агнешка Рамашэўская-Гузы.
Наступны аўтар Пётр Дабравольскі апісвае, як паспяхова ў эміграцыі развіваецца беларуская драматургія.
У Беларусі дзяржава абмежавала магчымасць дзейнасці незалежных груп, а ў інстытуцыйных тэатрах творчы працэс знаходзіцца пад ідэалагічным наглядам, падпарадкоўваючы рэпертуар афіцыйнай гістарычнай палітыцы і прыярытэтам дзяржаўнай прапаганды. Таму сучасная драматургія практычна выключана з грамадскага звароту.
«Сёння польская тэатральная культура мала выкарыстоўвае патэнцыял гэтага асяроддзя. Хоць яго прысутнасць магла б узбагаціць мясцовае тэатральнае жыццё, – упэўнены аўтар. – Беларускія стваральнікі застаюцца актыўнымі, перш за ўсё, у асяроддзі сваёй дыяспары».
Гэтаму спрыяе тэатральныя трупы і некалькі драматургічных конкурсаў, якія абʼядноўваюць мігрантаў. Разам з прафесійнымі артыстамі ў іх працуюць людзі без папярэдняга сцэнічнага вопыту. Следствам апісанай сітуацыі зʼяўляецца дынамічнае развіццё драматургічнай творчасці. «Драматургія, якая не патрабуе інстытуцыйнага вопыту, каманды або значных фінансавых рэсурсаў, апынулася ўстойлівай да рэпрэсій формай. Яна ўзнікае як у эміграцыі, так і ў Беларусі, дзе аўтары і аўтаркі – праз страх палітычных наступстваў – часта хаваюць сваю ідэнтычнасць», – піша Дабравольскі.
Цытуючы рэжысёрку Валянціну Мароз, аўтар адзначае, што сёння драматургія бярэ на сябе функцыі, якія пры іншых абставінах маглі б належаць гістарыяграфіі і журналістыцы, – дакументуе падзеі, запісвае эмоцыі, фіксуе мову гвалту і стратэгіі выжывання і ў той жа час захоўвае памяць пра тое, што застаецца нябачным, напрыклад, страх, сорам, разрыў сувязяў, вопыт эміграцыі або траўма, якая не пакідае бачных слядоў…
«Падтрымка сучаснай беларускай драматургіі сёння не павінна разглядацца выключна як жэст салідарнасці з творцамі, якія дзейнічаюць ва ўмовах рэпрэсій. Гэта інвестыцыі ў разнастайнасць еўрапейскай культуры і ў яе здольнасць распазнаваць новыя формы палітычнага гвалту», – падсумоўвае аўтар.
Наступны аўтар Яраслаў Цымерман аналізуючы кнігу Ірыны Лаппо «Wolni Kupałowcy. Teatr narodowy na wygnaniu», расказвае пра Купалаўцаў на выгнанні.
Ірына Лаппо ў сваёй кнізе акрамя апісання спектакляў купалаўцаў, спрабуе паказаць, як яны шукаюць сябе ў сітуацыі выгнання. Яны пазбаўлены ўласнай сцэны, іх публіка раскіданая па ўсёй Польшчы, перажываюць фінансавыя і арганізацыйныя праблемы. Усё гэта прымушае іх ставіць спектаклі, што ўлучаюць невялікую колькасць актораў з мінімалістычнымі дэкарацыямі.
Лаппо нагадвае, што, хоць Польшча стала для свабодных купалаўцаў другім домам, а дзяржава і многія ўстановы сапраўды падтрымлівалі і працягваюць падтрымліваць іх дзейнасць, эміграцыя азначае істотныя абмежаванні ў мастацкім і арганізацыйным развіцці, мабыць, адзінага ў свеце Нацыянальнага тэатра, які імкнецца выконваць сваю місію і дзейнічаць за межамі роднай краіны.
Апісваючы кнігу, аўтар уражаны, што купалаўцы – гэта «ў значнай частцы эліта, лепшыя з лепшых». «У мяне склалася ўражанне, што гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя – вось каманда нацыянальнай сцэны ператварылася ў незалежны калектыў, які працуе без сцэны, пастаяннага гранту, грамадскай арганізацыйнай падтрымкі. У выпадку з тэатрамі-мігрантамі ключавую ролю адыгрывае дзейнасць у інтарэсах супольнасці, клопат аб падтрыманні ўласнай культуры і мовы, купалаўцаў варта разглядаць і ацэньваць не толькі як тых, хто культывуе радавод, але і як выбітных мастакоў, роўных па рангу і таленту прафесійным сцэнам краін, у якія яны прыбылі».
Палякі маюць падобны досвед падпольных і імігранцкіх тэатраў, таму «давайце скарыстаемся гэтай блізкасцю і даведаемся больш пра беларускі тэатр, па якім кніга Ірыны Лапо – выдатны даведнік», – заклікае Яраслаў Цымерман.
Наступны тэкст – інтэрвʼю Ганны Ермаковай з беларускім тэатразнаўцам, крытыкам, журналістам, рэжысёрам, выкладчыкам і аніматарам культуры Аляксеем Стрэльнікавым, зробленае ў чэрвені 2022 года. Пасля запісу інтэрвʼю Аляксей папрасіў адкласці яго публікацыю. «Калі мяне пасадзяць, неадкладна апублікуйце пад маім імем», – сказаў ён. Ён загінуў у снежні 2022-га.
«Гэтая просьба, павінна быць, была для Аляксея балючай – ён не ўмеў маўчаць, ненавідзеў гэта. Я думаю, што ён усё сваё жыццё насіў з сабой свой бязмежны сусвет, чакаючы магчымасці адкрыць яе перад усімі. І што кожны дзень чакання гэтага адкрыцця забіваў яго», – піша Ганна Ермакова.
***
Нумар закрываецца двума пранізлівымі галасамі: Андрэя Корзуна, акцёра-эмігранта, і Лесі-Стэфаніі Міхалевіч, якая сутыкаецца са сведчаннямі ахвяр рэпрэсій, запісанымі ў дакументальным музычным альбоме праваабарончага цэнтра «Вясна» Paznačanyja žoŭtym.
А таксама можна паслухаць размову Яраслава Цымермана з Ірынай Лаппо пра тэатральнае жыццё беларусаў у выгнанні.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram