Прэс-служба лідара дэмсіл Беларусі Святланы Ціханоўскай распаўсюдзіла каментар у сувязі з тэлефоннай размовай прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона з Аляксандрам Лукашэнкам. У ім гаворыцца, што «Лукашэнка не валодае сапраўднай самастойнасцю, залежыць ад Крамля і не прадстаўляе беларускі народ».
«Галоўная мэта — перадаць Лукашэнку выразны сігнал пра недапушчальнасць далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну, а таксама ўдзелу ў ядзерным шантажы і стварэнні пагроз у рэгіёне. Разам з тым усе разумеюць, што Лукашэнка не валодае сапраўднай самастойнасцю, залежыць ад Крамля і не прадстаўляе беларускі народ.
Апошнія месяцы мы бачым, што ціск на суседзяў працягваецца, працягваюцца правакацыі, гэтаксама як і рэпрэсіі супраць беларусаў. Мы павінны дамагацца сістэмных незваротных дэмакратычных змен у Беларусі і сапраўднага дыялогу — дыялогу з беларускім грамадствам», — гаворыцца ў каментары.
Нагадаем, сёння адбылася тэлефонная размова прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона з Аляксандрам Лукашэнкам. Гутарка прайшла па ініцыятыве французскага боку.
Бакі абмеркавалі «рэгіянальныя праблемы і ўзаемаадносіны Беларусі з ЕС і Францыяй у прыватнасці», паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.