Ціханоўская: Нашы сумесныя намаганні прынясуць мір Украіне і свабоду Беларусі

Святлана Ціханоўская падзякавала міністру замежных спраў Украіны Андрэю Сібігу за заявы адносна санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі. Лідар дэмсіл назвала дзеянні ўкраінскага боку “прынцыповымі і рашучымі” і заявіла, што сумесныя намаганні прывядуць да міру ва Украіне і свабоды ў Беларусі.

“Беларусь належыць Еўропе. Я дзякую Украіне і міністру замежных спраў Андрэю Сібігу за сённяшнія прынцыповыя і рашучыя дзеянні супраць злачыннага рэжыму Лукашэнкі, саўдзельніка агрэсіўнай вайны Расіі. Нашы сумесныя намаганні прынясуць справядлівасць, мір Украіне і свабоду Беларусі”, – напісала палітык у X.

Нагадаем, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 18 лютага ўвёў санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Санкцыі ўведзены, у тым ліку, за разгортванне ў Беларусі сістэмы рэтранслятараў для кіравання ўдарнымі дронамі і прадугледжваюць пазбаўленне Лукашэнкі дзяржаўных узнагарод Украіны, блакіроўку актываў, абмежаванне гандлёвых аперацый, абмежаванне транзіту, забарону на ўдзел у прыватызацыі і інш.

Ціханоўская прывітала ўвядзенне санкцый, заявіўшы, што свабодная Беларусь ніколі не будзе пагражаць Украіне або Еўропе.

Сібіга назваў санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі адэкватнай рэакцыяй, заклікаў краіны-партнёры аказаць ціск на Лукашэнку і выказаў упэўненасць у еўрапейскай будучыні беларускага народа.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!