Скриншот видео t.me/pressnbrb
Беларусь прапанавала Узбекістану павялічыць долю разлікаў у нацыянальных валютах. Пра гэта заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка на сустрэчы з паслом Узбекістана ў Беларусі Нурыдзінам Мамажонавым, перадае БелТА.
Галоўчанка адзначыў, што цяпер значная частка разлікаў паміж дзвюма краінамі праводзіцца ў валютах трэціх краін, перш за ўсё ў доларах. Ён лічыць, што пры цяперашніх аб’ёмах эканамічнага супрацоўніцтва Беларусь і Узбекістан могуць павялічыць выкарыстанне ўласных валют.
“Лічу, што з улікам маштабаў нашых эканомік і збалансаванага тавараабароту, які складваецца, ствараюцца добрыя ўмовы, каб больш разлікаў праводзілася ў нацыянальных валютах. Гэта задача і ўрадаў, і цэнтральных банкаў дзвюх краін”, – заявіў старшыня праўлення Нацбанка.
Паводле яго слоў, тавараабарот паміж краінамі ў 2025 годзе вырас больш чым на 30%, а па выніках першага паўгоддзя 2026 года працягнуў павялічвацца.
“Гаворка цяпер ідзе ўжо не толькі пра гандаль, але і пра сумесныя праекты, інвестыцыйнае супрацоўніцтва”, – сказаў ён.
Пасол Узбекістана заявіў пра планы павялічыць двухбаковы тавараабарот да 2 млрд долараў і пашырыць прамысловую кааперацыю паміж кампаніямі дзвюх краін. Паводле яго слоў, для гэтага існуюць неабходныя ўмовы.